Так мусілі выглядаць агітацыйныя білборды Сьвятланы Ціханоўскай
Дзяржаўныя прадпрыемствы і прыватныя кампаніі, якія займаюцца разьмяшчэньнем вонкавай рэклямы, адмовілі кандыдатцы ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай у разьмяшчэньні агітацыйных білбордаў, піша «Радыё Свабода».
30 ліпеня Ціханоўская падпісала дамову зь дзяржаўнай арганізацыяй «Гомельаблрэкляма» на разьмяшчэньне рэклямных плякатаў на 7 білбордах па Гомельскай вобласьці. Гэта была адзіная кампанія, якая «ў прынцыпе пагадзілася зрабіць нам такую паслугу», адзначаюць у прэс-службе кандыдаткі.
Аднак ужо на наступны дзень дырэктар кампаніі патэлефанаваў і папрасіў прабачэньня, што ня можа выканаць дамову, бо Гомельскі аблвыканкам забараніў гэта рабіць, матывуючы тым, што яму тэрмінова спатрэбілася разьмясьціць 7 плякатаў сацыяльнай рэклямы.
Прэсавая сакратарка Гомельскага аблвыканкаму Вольга Рабікава паабяцала «Свабодзе» разабрацца ў гэтым пытаньні і даць камэнтар па абедзе 31 ліпеня.
Прадстаўнік Гомельскага гарвыканкаму, адказны за ідэалёгію, Мікалай Сьвятагор таксама адмовіўся пракамэтаваць выпадак, спаслаўшыся на няведаньне дэталяў.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, дзяржаўнае прадпрыемства «Менскрэкляма» адмовілася разглядаць магчымасьць разьмяшчэньня плякатаў, спасылаючыся на тое, што сацыяльная рэкляма важнейшая за выбары.
У штабе Ціханоўскай зьвярталіся таксама ў прыватныя кампаніі ў Берасьці, Горадні, Менску і Гомлі. Паўсюль ім адмаўляюць, паведамляе прэс-служба кандыдаткі.
Згодна зь дзейным заканадаўствам кандыдат не абавязаны ўзгадняць агітацыйныя матэрыялы. Перашкоды з боку органаў выканаўчай улады — гэта найгрубейшае парушэньне выбарчага заканадаўства і правоў грамадзян на атрыманьне інфармацыі пра кандыдата, адзначаюць у штабе кандыдаткі.