Міністэрства адукацыі пракаментавала заяву Веранікі Цапкала аб нібыта планаваных установай адукацыі спробах забраць з сям'і дзяцей, паведамляе  БЕЛТА.

«З боку педагагічных работнікаў спробаў маніпуляваць дзецьмі і пераследваць мэту іх адабрання ў бацькоў наогул ніхто не рабіў, — сказала дырэктарка школы №177 Таццяна Малчанава, дзе вучацца сыны Веранікі Цапкала. — Ні пагроз, ні шантажу, ні якіх-небудзь іншых дзеянняў не адбывалася. Цяпер асноўная маса педагогаў знаходзіцца ў працоўных адпачынках, дзеці — на канікулах з роднымі і блізкімі альбо на аздараўленні ў лагерах. У школе ідуць гаспадарчыя і рамонтныя работы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года».

Па словах дырэктаркі школы, выклікае здзіўленне, што Вераніка Цапкала не ведае, што заканадаўствам устаноўлены дакладныя крытэрыі і паказчыкі, якімі кіруюцца не толькі педагагічныя работнікі, але і ўсе суб'екты прафілактыкі пры разглядзе пытанняў прызнання дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. «Пэўныя палітычныя погляды бацькоў не з'яўляюцца прычынай для разгляду пытанняў аб правядзенні якіх-небудзь сацыяльных расследаванняў і ініцыявання адабрання дзяцей у бацькоў. Засмучае той факт, што дзеці ў канкрэтнай сітуацыі выкарыстоўваюцца бацькамі як інструмент заваёвы бонусаў у пэўнай часткі насельніцтва краіны. Гучныя заявы Веранікі Цапкала не адпавядаюць рэчаіснасці і, на жаль, мяркую, траўміруюць саміх дзяцей, паколькі яны ўжо здольныя свядома ўспрымаць інфармацыю, якая размяшчаецца ў інтэрнэце», — адзначыла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0