Дашка Катастрофа і ейны сябра Саша з дапамогаю клюшкі і зламанай лядоўні трапляюць у віртуальны свет, дзе пануе злобны кампутарны Гала-Вірус. Уладалюбны Вірус марыць знішчыць усе святы і асабліва Новы год – разам са Снягуркаю і Дзедам Марозам. Але Вірус недаацаніў сучасных дзетак…
Карціна, знятая Аленай Туравай (дачкой рэжысёра Віктара Турава) дый Іванам Паўлавым – гэта кампутарная галаваломка, што спрабуе вярнуць залатыя часы беларускай дзіцячага кіно.
Сама лепшае ў фільме – графіка, анімацыя і дызайн – нечуваныя для сучаснай Нацыянальнае кінастудыі (а калі б стужка выйшла бы ў 90-ыя гады, гэта, увогуле, сталася б пераваротам).
Фіялетавыя грыбы і вогненная жанчына; ледзяныя пераўтварэнні – і месяцовыя ландшафты, дзе вусцішныя расліны граюць у футбол гарматным ядром (маленькая дзяўчынка ў кінатэатры прыціскалася да матулі: «Мама, мне страшна!»). Чорныя вежы і гральны аўтамат-робат; твар чалавека-снегавіка. Нарэшце, самае смачнае – сольныя нумары Гала-Віруса (Данііл Співакоўскі). Ён то пірат, то Генерал, то чарнакніжнік (за кожным – свая кінатрадыя). Глючныя камбінаваныя кадры, марш-парад злых сілаў; моцная і працвітаючая вірусаландыя.
Нягоднікі ў карціне – выразныя: Спам (навязлівы рэкламны агент, які марыць пра цыркавое шоў); Глюк – тармазнуты наркуша-хіпі; платаядная гратэскная бабка (Сяргей Журавель).
Затое дабро, як і ў фільме «На спіне ў чорнага ката» – сцішанае і млявае. Дзеткі-героі, у лепшым выпадку – персанажы кампутарнага квесту, якія змагаюцца за натужліва-ананімнае свята.
Сцэнар – самае слабое ў карціне. Стужка – набор кампутарных атракцыёнаў, раздзеленых пазяханнямі гледача.
Але для «Беларусьфільму» – гэта ўжо нешта жывое і нестандартнае.