Сітуацыя на ўнутраным валютным рынку развіваецца драматычным чынам. Панічныя настроі авалодалі шырокімі масамі беларусаў.
За ліпень беларусы набылі на валавой аснове $947,4 млн валюты. Гэта трэці па велічыні вынік за 2015-2020 гг. Больш было толькі падчас рэзкіх дэвальвацый рубля — у сакавіку 2020 г. ($1,022 млрд) і ў жніўні 2015 г. ($970,5 млн), паведамляе тэлеграм-канал «Эканоміка».
Тэлеграм-канал «Эканоміка».
Валавая купля наяўнай валюты (cash) дасягнула ў ліпені $626,6 млн, што амаль паўтарае вынікі сакавіка ($629,8 млн). Гэта значыць, попыт на валюту забяспечылі перш за ўсё простыя беларусы, якія кінуліся ў абменнікі.
На чыстай аснове беларусы набылі $215,6 млн — гэта другі найбольшы вынік за 59 месяцаў ($279,4 млн было ў сакавіку).
З пункту гледжання стабільнасці на валютным рынку беларусы маюць занадта высокія даходы. Трэба іх карэктаваць уніз у даляравым вымярэнні.





