Сёньня ў жывым эфіры затрымалі блогера-фэрмэра Юрыя Ганцэвіча. Ён жыве пад Гомлем. На гэтых выбарах зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па збору подпісаў, але так іх і не зьбіраў, піша Радыё Свабода.

Ганцэвіч апошнім часам не праяўляў аніякай палітычнай актыўнасьці. Сёньня ён вёў стрым з поля побач з яго домам, дзе нядаўна раскапаў крыніцу.

На стрыме «Пришёл попить святой водички» фэрмэр разважаў пра лёс роднай зямлі, пра тое, як навучыцца добра гаспадарыць. І тут зьявіліся супрацоўнікі міліцыі і АМАП, якія прапанавалі Ганцэвічу ісьці дахаты, бо яны маюць пастанову, санкцыянаваную пракурорам, на вобшук. Міліцыя і АМАП паведамілі, што заведзеная крымінальная справа за абразу супрацоўнікаў міліцыі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу. Па вэрсіі міліцыі, у Ганцэвіча дома могуць знаходзіцца «рэчы і дакумэнты», якія маюць дачыненьне да крымінальнай справы.

«Давайце хутчэй, няма часу, — прысьпешваў фэрмэра супрацоўнік АМАП. — Тут столькі благіх спраў цяпер на вуліцы робіцца…»

Імаверна, крымінальная справа заведзеная і на Юрыя Ўласава — давераную асобу Сьвятланы Ціханоўскай. У яго ўчора дома быў вобшук, таксама ў межах крымінальнай справы за абразу супрацоўніка міліцыі. Потым Юрыя забралі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру