Пацярпелага ўчора ў Мінску мужчыну Яўгена Заічкіна паспяшаліся аб’явіць загінулым — але з ім усё ў парадку.

«Наша Ніва» звязалася з Яўгенам. Ён ужо дома.

«Мяне жорстка затрымалі. Мы рухаліся ў бок стэлы па праспекце Пераможцаў. Спыніўся мікрааўтобус, адтуль выбеглі амапаўцы і пачалі затрымліваць людзей, білі нас дубінкамі. Мне разбілі вусны — пасля дактары наклалі чатыры швы», — расказаў Заічкін. Пасля Яўгена закінулі ў аўтазак.

«Там мне стала кепска, я страціў прытомнасць. АМАП выклікаў хуткую. І той момант на фота — гэта калі мяне вынеслі ў аўтазака, каб перадаць медыкам. Там хуткая чамусьці не магла даехаць адразу, дактары падбеглі спачатку на нагах, пачалі аказваць мне дапамогу, калі я яшчэ ляжаў на траве. Я момантамі прыходзіў у прытомнасць, але канчаткова ачуняў толькі ў бальніцы», — кажа Яўген.

Цяпер ён ужо дома, залечвае траўмы.

«У мяне разбітыя вусны, якія пасля зашывалі, па ўсім целе сінякі ад дубінак і струс мазгоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0