Ігар Ярмолаў з сваёй дзяўчынай

Ігар Ярмолаў з сваёй дзяўчынай

Цяпер у кіраўніка школы танцаў Ігара Ярмолава прабіта лёгкае, паламанае рабро, чэрапна-мазгавая траўма і гематомы па ўсім целе. 12 жніўня да яго ў кватэру ўварваліся, цяпер хлопец ляжыць у вайсковым шпіталі, піша Радыё Свабода. 

12 жніўня маці Ігара Ярмолава Сьвятлана Іванаўна страціла сувязь з сынам, абодва ягоныя тэлефоны аказаліся недасяжнымі. Ігара ўдалося знайсьці толькі празь дзень, дзякуючы адвакатам. Ён быў пазначаны ў сьпісах СІЗА КДБ, але знайшоўся ў вайсковым шпіталі ў цяжкім стане.

Ігар быў валянтэрам штабу Віктара Бабарыкі, пасьля сканчэньня БДУ мог працаваць у ІТ, але вырашыў займацца танцамі. Ён стварыў школу танцаў Dance Cafe.

«Я проста хачу, каб з майго сына перасталі зьдзекавацца»

Сьвятлана Іванаўна, маці Ігара Ярмолава, ня можа стрымаць сьлёз, пачынаючы свой аповед.

«Ігар творчы, спакойны чалавек, вельмі інтэлігентны, яго любяць усе суседзі. Калі ён прапаў, я спрабавала тэлефанаваць яму кожныя 20 хвілінаў, але ён не адказваў. На наступны дзень я зьвярнулася ў міліцыю, яго сталі шукаць сябры. Стала вядома, што яго забралі з дому. Мы зь ягоным бацькам паехалі ў Менск, сталі яго шукаць, заключылі дамову з адвакатам», — расказвае Сьвятлана Іванаўна.

Пасьля бацькі спрабавалі знайсьці сына на Акрэсьціна, але ў сьпісах яго не было. «Мы ня ведалі, што нам рабіць, маліліся, каб сын быў жывы», — кажа маці.

Сябры Ігара і бацькі працягвалі пошукі. У ягонай кватэры пасьля ператрусу ўсё перавернута.

«Ён быў у штабе Бабарыкі, але гэта права, якое гарантавана нам Канстытуцыяй, нічым супрацьпраўным ён не займаўся, ён мае актыўную грамадзянскую пазыцыю», — гаворыць Сьвятлана Іванаўна.

Ігара Ярмолава ўдалося знайсьці празь дзень у вайсковым шпіталі, каля палаты — ахоўнікі. Бацькам усё ж удалося адну хвіліну пагаварыць зь Ігарам. Ён пасьпеў расказаць пра пабоі і траўмы.

«Яны адціснулі дзьверы ў кватэры, у кватэру ўварвалася група з 6 чалавек, ніхто не прадстаўляўся, яму загадалі легчы на падлогу, надзелі на галаву шорты і пачалі біць нагамі, яны зьбівалі яго да такой ступені, што ў яго закрытая чэрапнамазгавая траўма, удар грудной клеткі, паламаная рабрына, прабітае лёгкае», — пералічвае траўмы сына Сьвятлана Іванаўна.

Афіцыйнае абвінавачаньне пакуль невядомае

Пакуль бацькам ніякай інфармацыі пра Ігара не паведамілі, у чым яго абвінавачваюць, невядома. Бацькі падалі скаргі ў Генэральную пракуратуру і Сьледчы камітэт.

«Як можна было так біць, каб прабіць лёгкае, у чым ён так вінаваты? У мяне загінуў дзед на вайне, у таты Ігара дзед таксама загінуў на вайне пад Сталінградам. А цяпер што ў нас адбываецца? Адкуль у нас тут зьявіліся такое?», — праз сьлёзы кажа маці Ігара.

На сёньня вядома пра затрыманьне дзесяці валянтэраў штабу Бабарыкі.

Тэлефоны прадстаўнікоў прэсавай службы МУС і СК у першай палове дня 18 жніўня недаступныя для камэнтароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0