Карэспандэнт НН пацікавіўся ў прэс-службе Мінскага трактарнага завода, ці мае адміністрацыя МТЗ дачыненне да з'яўлення АМАПа каля прахадной раніцай 19 жніўня.

«За АМАП я не адказваю. Каментаваць яго дзеянні не магу», — адказала прэс-сакратар МТЗ Юлія Дылянок.

Таксама мы папрасілі пракаментаваць інфармацыю пра тое, што ўсім удзельнікам стачкі на заводзе, якія напісалі заявы на адпачынак за свой кошт, анулявалі пропускі на тэрыторыю. «Гэта абсалютна нармальная практыка, нічога надзвычайнага. Такі парадак уведзены пастановай з 2018 года», — адказала прэс-сакратар.

Таксама Юлія Дылянок запэўніла, што ніякага ціску на рабочых з боку адміністрацыі завода зараз няма і ніякіх рэпрэсій у дачыненні да тых, хто хоча далучыцца да стачкі, не будзе. «Усё ў рамках заканадаўства», — адзначыла яна.

Сёння раніцай каля прахадной МТЗ з'явіўся АМАП. Сілавікі разагналі акцыю ў падтрымку забастоўкі на заводзе, некалькі чалавек былі затрыманыя. Супраць іх распачатыя адміністратыўныя справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0