Сёння ў вайсковым шпіталі Мінска памёр 43-гадовы берасцеец Генадзь Шутаў. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Брэста падчас пратэстаў. Дактары змагаліся за яго жыццё, аднак сёння раніцай ён памёр.
Следчы камітэт апублікаваў сваю версію здарэння:
«Па дадзеных следства, 11 жніўня ў Брэсце двое мужчын здзейснілі напад на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку пры правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Падчас нападу мужчыны наносілі ўдары, выкарыстаўшы металічную трубу, а таксама распачалі спробу завалодання агнястрэльнай зброяй, што пацвярджаецца матэрыяламі, якія ёсць у следства.
Папярэдне выяўлена, што, спыняючы супрацьпраўныя дзеянні нападнікаў, праваахоўнікі ўжылі фізічную сілу. Адзін з іх, успрымаючы дзеянні падазраваных як рэальную пагрозу жыццю і здароўю і спыняючы спробы завалодаць табельнай зброяй, ужыў у дачыненні да нападніка зброю, стрэліўшы ў кірунку пляча. Аднак, з прычыны актыўнага супраціву мужчыны, ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы», — гаворыцца ў заяве Следчага камітэта.
Чытайце таксама: У шпіталі памёр 43-гадовы мужчына з Брэста, у якога сілавікі стрэлілі на пратэстах. Гэта трэцяя ахвяра пратэстаў





