Павел Сухарукаў узначальваў выдавецкі дом «Звязда» апошнія тры з паловай гады. 20 жніўня ён развітаўся з калектывам. За тры дні да гэтага супрацоўнікі «Звязды» прапанавалі сумленна асвятляць падзеі, якія адбываюцца ў краіне пасля выбараў.

Пасля гэтага ў рэдакцыю «Звязды» прыехаў міністр інфармацыі Ігар Луцкі, а таксама прадстаўніца Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Шпілеўская. У выніку Сухарукаў сышоў са «Звязды», а новым галоўным рэдактарам стаў экс-міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч.

«НН» змагла ўзяць невялікі каментар у Паўла Сухарукава: «Гэта маё ўласнае рашэнне, ніякай палітыкі, я сам вырашыў сысці. Ніхто з супрацоўнікаў «Звязды» не баставаў, такога не было. Былі пэўныя хваляванні, вы ж разумееце, якая цяпер абстаноўка ў краіне. Ніякіх юрыдычных умоваў для забастоўкі не было. Калектыў быў вельмі моцны, трывалы. Я ўдзячны лёсу, што колькі гадоў папрацаваў разам з імі», — сказаў Павел Сухарукаў.

Куды цяпер плануе ўладкавацца на працу былы рэдактар? «У мяне ёсць месяц-паўтара адпачынку, буду збірацца з думкамі. Ёсць прапановы, іх агучваў міністр інфармацыі на сустрэчы сёння, але не хачу іх агучваць, бо сам нічога не вырашыў», — адказвае спадар Павел.

Ці засмучаны ён тым, што сыходзіць са «Звязды»? «Канечне, заўсёды, калі чалавек пакідае працу, якую любіў, то падобныя адчуванні. Я засмучаны, вядома, але гэты сум, хутчэй, такі добры. Мне здаецца, што калектыву было прыемна са мной працаваць, але лепш спытаць у іх саміх», — адзначае Сухарукаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?