Некалькі дзён дзяржаўнае тэлебачанне распавядае сваім гледачам аб нейкай «праграме апазіцыйнага штаба», дзе прадугледжаны практычна поўны разрыў сяброўскіх адносін з Расіяй, «паўзучая забарона рускай мовы» і новы кантрольны орган над дзяржаўнымі СМІ. TUT.BY разабраўся, што гэта за праграма і які «апазіцыйны штаб» яе мог распрацаваць.

Аб праграме «апазіцыйнага штаба», у якой пералічаныя першачарговыя меры да 2021 года і доўгатэрміновыя — да 2030 года, казаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з членамі Савета Бяспекі.

18 жніўня прэс-служба прэзідэнта размясціла ў тэлеграм-канале «Пул першага» відэа, дзе ён агучвае пункты з гэтай праграмы. У прыватнасці, гучаў намер аб выхадзе з усіх інтэграцыйных арганізацый, дзе дамінуе Расія, і вяртанне пагранічнага кантролю на мяжы Беларусі і Расіі, а таксама выхад з АДКБ і закрыццё расійскіх ваенных баз. Далей гучалі пункты пра забарону продажу расейскім кампаніям аб'ектаў беларускай інфраструктуры, вызваленне СМІ ад дзяржаўнага кантролю і перадача іх пад кантроль каардынацыйнай рады, забарона трансляцыі расейскіх тэлеканалаў і допуск у эфір тэлеканалаў іншых суседніх краін, «паўзучая забарона расейскай мовы».

Пазней аб праграме сталі рэгулярна казаць на дзяржаўным тэлебачанні, паказваючы, якімі наступствамі можа абярнуцца для краіны яе рэалізацыя. Напрыклад, у навінах тэлеканала «Беларусь 1» 20 жніўня задаліся пытаннем «Што беларусам прапануе альтэрнатыўны бок?». У сюжэце гаворыцца пра тое, якія бар'еры і складанасці прынясе Беларусі рэалізацыя такой праграмы.

Па словах вядучага, «праграма так званага апазіцыйнага штаба» прадугледжвае выхад з саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і іншых інтэграцыйных арганізацый, дзе дамінуе Расія. «Наперадзе звальненні і нават верагоднае закрыццё вытворчасцяў», — каментуе такое развіццё карэспандэнт. Гэта «азначае абнуленне ўсіх роўных магчымасцяў для беларусаў у Расеі. Не выйдзе атрымаць там бясплатную адукацыю, паслугі аховы здароўя, і знаходзіцца там мы будзем на правах замежнікаў», — гучыць у эфіры.

У іншым сюжэце таго ж тэлеканала, ужо за 21 жніўня, гаворыцца, што гэтую праграму нібыта прапануе Каардынацыйны штаб апазіцыі. «З'явіўшыся ў Інтэрнэце, яна тут жа знікла, а самі аўтары сталі ўсяляк адхрышчвацца ад заяўленых мэтаў», — кажа вядучы.

Што за «апазіцыйны штаб» і якая ў яго праграма?

Большасць кандыдатаў у прэзідэнты пасля выбараў вядуць палітычнае і грамадскае жыццё не так маштабна, як у перадвыбарчы перыяд. Але досыць актыўную дзейнасць працягнула каманда Святланы Ціханоўскай. Экс-кандыдатка ініцыявала стварэнне Каардынацыйнай рады «для забеспячэння трансферу ўлады».

Можна зрабіць выснову, што пад «апазіцыйным штабам» на тэлебачанні маецца на ўвазе менавіта асяроддзе Ціханоўскай альбо створаная пасля выбараў Каардынацыйная рада.

Аднак у адказ на агучаную Аляксандрам Лукашэнкам на нарадзе з членамі Савета бяспекі праграму прадстаўнікі Каардынацыйнай рады заяўлялі, што не ведаюць, пра якую менавіта праграму ён казаў.

У дакументах Каардынацыйнай рады не згадваюцца агучаныя на дзяржаўным ТБ пункты. У рэгламенце гаворыцца, што КР створана «з мэтай арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве на падставе Канстытуцыі». А ў рэзалюцыі КР пазначана, што яна «не ставіць сваёй мэтай змяненне канстытуцыйнага ладу і знешнепалітычнага курсу». Пра гэта ж казала прадстаўніца КР Марыя Калеснікава.

Член Каардынацыйнай рады юрыст Максім Знак на адной з прэс-канферэнцый таксама падкрэсліваў, што ў рады няма ніякай палітычнай праграмы.

На пытанне TUT.BY аб наяўнасці названых у дзяржСМІ пунктаў у якіх-небудзь дакументах або ў перадвыбарнай праграме экс-кандыдата Ціханоўскай яе давераная асоба Мікалай Казлоў адказаў адмоўна.

— Вы нідзе не знойдзеце гэтую праграму, таму што яе проста няма. Гэта хлусня ад першага да апошняга слова, — кажа Казлоў. Ён нагадвае на тое, што ў праграме кандыдата таксама не гучалі падобныя пасылы.

У сваёй перадвыбарнай праграме Ціханоўская ставіла галоўнай мэтай «сумленныя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў», якія мела намер правесці на працягу шасці месяцаў. Акрамя гэтага, у яе ўключаныя такія пункты, як прызначэнне рэферэндуму з прапановай вярнуцца да варыянту Канстытуцыі 1994 года, аднаўленне «законнасці ў сферы крымінальнага і адміністрацыйнага судаводства», прызначэнне новых генпракурора і кіраўніка Вярхоўнага суда. Беларусь «будзе сябраваць з усімі, але толькі ў інтарэсах нашай уласнай краіны», заяўлялася ў праграме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0