Сёння, 21 жніўня, 302 работнікі ЗАТ «Маладзечнамэбля» падпісалі зварот да старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юрыя Горлава. Сёння на прадпрыемстве працавала 410 чалавек.
«Мы, работнікі ЗАТ «Маладзечнамэбля», вельмі занепакоены палітычнай сітуацыяй у нашай краіне, жадаем хутчэйшага вырашэння канфлікту, устанаўлення міру, справядлівасці, выканання заканадаўства; для гэтага патрабуем выканання наступнага:
- Прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў 9 жніўня 2020 года ў сувязі з вялікай колькасцю парушэнняў, дапушчаных на ўсіх этапах выбарчай кампаніі.
- Правесці дэмакратычныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выключаючы факты фальсіфікацыі, пры ўдзеле назіральнікаў ад працоўных калектываў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый.
- Вызваліць затрыманых на акцыях пратэсту і палітзняволеных, зняўшчы ўсе абвінавачванні.
- Спыніць пераслед удзельнікаў мірных акцый пратэсту сілавымі структурамі, не дапусціць прымянення розных санкцый да работнікаў, якія выражаюць свае палітычныя погляды.
- Асвятляць у СМІ рэальныя падзеі ў краіне.
- Прыцягнуць да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да затрымання мірных грамадзян і здзекаў з затрыманых».
Зварот ад прадпрыемства прынёс супрацоўнік Уладзімір Станевіч:
— Зварот падпісала вялікая частка нашых супрацоўнікаў. З тых, хто працаваў сёння, гэта 73,7%, — кажа Уладзімір. — Людзі стаялі ў чарзе, каб падпісацца. У мяне часам пытаюцца, ці не баюся я наступстваў за тое, што адкрыта выказваю сваю пазіцыю. Так, у мяне маленькая ўнучка. Мне хацелася цешыцца б з яе, гадаваць яе. Але і глядзець на тое, што адбываецца, я спакойна не магу, — падзяліўся Уладзімір.
Пакуль Уладзімір Станевіч і член ініцыятыўнай групы Аляксандр Бадзін стаялі на ганку райвыканкама, з яго выйшаў старшыня Юры Горлаў. Мужчыны звярнуліся да старшыні, але адказу не атрымалі.
У райвыканкаме супрацоўніца прыняла зварот. Сказала пачакаць, пакуль дакумент зарэгіструюць.
Як расказаў журналісту Уладзімір Станевіч, работнікі выканкама патлумачылі, што ў афармленні дакумента ёсць пэўныя недакладнасці. Таму прыняць зварот могуць толькі як ад фізічнай асобы. Уладзімір параіўся з кіраўніком прадпрыемства і юрыстам і падаў зварот ад сябе асабіста. У выканкаме паведамілі, што адказ дадуць на працягу месяца.





