Фотаздымкі пяцігадовай Юлі з Гродна, якая пацярпела ў часе пратэстаў, абляцелі сацсеткі і месенджары.
Маці дзяўчынкі Іна распавядала TUT.BY на наступны дзень пасля здарэння, як былі атрыманыя траўмы.
Увечары 11 жніўня сям'я ехала з аднаго канца горада ў другі, аб'язджаючы перакрыты цэнтр праз вуліцу Савецкіх пагранічнікаў. Там, каля кальца, праходзіла акцыя пратэсту аўтамабілістаў: яны гучна сігналілі.
«Наперадзе нас былі Skoda і мікрааўтобус. Мы разгубіліся, калі ўбачылі, як ваенная тэхніка наперадзе пачынае падразаць бус — і той разварочваецца бокам. Муж выехаў на сустрэчную паласу, каб аб'ехаць. Але насустрач нам выбеглі амапаўцы, пачалі біць машыну дубінкамі — лабавое і бакавое шкло, люстэркі. Пасля гэтага ззаду ў нас уехала вайсковая тэхніка, быў моцны ўдар», — тлумачыла абставіны маці дзяўчынкі Іна.
Але зараз тэлеканал СТБ дае зусім іншую версію падзей, паводле якой адбыўся проста няшчасны выпадак.
«Сям'я Чэравухаў — абсалютна рэальныя людзі, на мітынгі не ходзяць, жывуць сваім жыццём, але праз акцыі пратэсту, якія праходзілі ў цэнтры Гродна, ім давялося ў той вечар ехаць дадому ў аб'езд. Па дарозе яны патрапілі ў аварыю», — так падае здарэнне СТБ.
У пацверджанне гэтай версіі тэлевізійшчыкі даюць каментар бацькі дзяўчынкі Уладзіміра.
«Вярталіся дадому, перад намі было шмат машын. Я спалохаўся, выехаў на сустрэчную паласу, пасля чаго, праз імгненне літаральна, адбылося сутыкненне», — кажа Уладзімір Чаравуха.
«Атрымліваецца, сілавікі не таранілі — аварыя адбылася выпадкова. Сям'я ўдзелу ў пратэстах не прымала, але вінаватых ўжо прызначылі, матэрыялы ўжо ў сетцы», — падсумоўвае СТБ.