У Пскове затрымалі беларуса Андрэя Астаповіча, які некалькі дзён таму размясціў на сваёй старонцы ў Instagram фатаграфіі рапарта на звальненне з пазіцыі старшага следчага Партызанскага раённага аддзела СК. Пра гэта TUT.BY распавялі сябры Андрэя і адвакат, якога яны нанялі.

Як паведамляецца, мужчына спрабаваў з'ехаць праз Расію ў Латвію, але праз абмежаванні на выезд праз каранавірус не змог гэта зрабіць. А пазней быў затрыманы, цяпер знаходзіцца ў адным з аддзелаў міліцыі Пскова. Адвакат не можа да яго патрапіць. Як паведамілі TUT.BY у СК, Андрэй Астаповіч ужо не працуе ў ведамстве.

Андрэй Астаповіч, фота са старонкі ў Instagram

Андрэй Астаповіч, фота са старонкі ў Instagram

«Маўчаць не буду, удзельнічаць ва ўтойванні злачынстваў не буду»

Гэтая гісторыя пачалася з таго, што Андрэй Астаповіч некалькі дзён таму размясціў на сваёй старонцы ў інстаграме пост з фатаграфіяй рапарта на звальненне. На фота пазначана, што мужчына ініцыюе датэрміновае скасаванне кантракта з 16 жніўня праз «парушэнні яго ўмоў з боку кіраўніцтва СК». Тэкст заявы атрымаўся на 5 лістоў.

Але праз некаторы час пост быў выдалены з фармулёўкай «бо ён парушае правілы супольнасці». Аднак здымкі заявы на датэрміновае спыненне кантракта, якія размясціў Андрэй Астаповіч, па-ранейшаму можна знайсці на старонках некаторых СМІ

Андрэй піша, што па Канстытуцыі «ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў».

Андрэй Астаповіч піша, што сам асабіста прысутнічаў на мітынгах. На яго думку, ладзілі правакацыі сілавікі. «Названае пацвярджаецца тым, што, як толькі далі каманду ўціхамірыцца, любога роду сутыкненні спыніліся», — адзначыў Андрэй.

Мужчына сцвярджае, што многія крымінальныя справы праз супраціў праваахоўнікам, якія былі заведзеныя праз апошнія падзеі, адкрытыя неабгрунтавана, «без наяўнасці дакладных доказаў або па сфальсіфікаваных доказах, ілжывых паказаннях».

Андрэй Астаповіч прызнаецца, што «не хоча адчуваць дзікі сорам ад стасункаў з грамадзянамі, ад з'яўлення ў форме ў горадзе».

«Маўчаць не буду, удзельнічаць ва ўтойванні злачынстваў не буду, злачынныя загады выконваць не буду, працягваць працу ў сілавым блоку не магу з прычыны неадпаведнасці маіх прынцыпаў з сапраўднай палітыкай, — напісаў Андрэй. — Прашу, калегі, апамятайцеся, ратуйце сілавы блок».

TUT.BY звярнуйся па каментар у прэс-службу Следчага камітэта. «Названы грамадзянін не з'яўляецца супрацоўнікам Следчага камітэта. Інфармацыі аб яго затрыманні Следчы камітэт не мае», — удакладнілі ва ўпраўленні СК па Менску.

«Я проста не выйшаў бы з такім рапартам»

Сёння з рэдакцыяй TUT.BY звязаліся сябры Андрэя і паведамілі, што яго затрымалі ў Пскове і што ён знаходзіцца ў адным з аддзелаў паліцыі гэтага горада. Юлія, сяброўка Андрэя, распавяла, што пасля размяшчэння паста ён на маршрутцы прыехаў да яе ў Маскву.

Ужо знаходзячыся ў Маскве, Андрэй Астаповіч даў інтэрв'ю тэлеканалу «Дождь». Ён сярод іншага распавёў, што пакінуў рапарт у сваім кабінеце і сышоў. «Я проста не выйшаў бы з такім рапартам», — сказаў мужчына.

Юлія распавядае, што Андрэй прыняў рашэнне з'ехаць з Масквы ў Латвію. «На наступную раніцу пасля яго прыезду паступілі звесткі ад калег, што яго шукаюць. 19 жніўня мы выехалі з Масквы і накіраваліся на мяжу з Латвіяй. Ноч з 19-га на 20-га мы правялі на памежным пункце, з тэрыторыі РФ праз абмежаванні на выезд праз каранавірус, праз адсутнасць візы яго не выпусцілі», — кажа Юлія.

Паводле яе слоў, у чацвер і пятніцу ў Пскове яны вырашалі візавае пытанне праз консульства Латвіі ў гэтым горадзе. У панядзелак, 24 жніўня, Андрэю абяцалі выдаць візу, па якой ён бы мог перасекчы расейска-латвійскую мяжу.

Аднак у пятніцу ўвечары, як распавядае Юлія, Андрэя затрымалі і даставілі ў аддзел паліцыі. «Затрымалі каля 20.00 незразумелыя людзі, яны зайшлі ў нумар, які быў забраніраваны на мяне. А 23.00 мы з мужам даведаліся, што Андрэй у аддзяленні паліцыі. Што ён жывы, а супрацоўнікі аддзялення чакаюць раніцы, каб з'явіўся кіруючы склад і сказаў, што з ім рабіць далей», — кажа Юлія.

У аддзеле паліцыі №1 УМВД Расіі па Пскове не змаглі аператыўна пацвердзіць інфармацыю. Наняты адвакат сцвярджае, што Андрэй знаходзіцца ў гэтым аддзяленні паліцыі, але да яго не дапускаюць. Адвакат з гэтай нагоды напісаў заяву ў пракуратуру Пскова. Па некаторай інфармацыі, супраць Андрэя могуць пачаць адміністрацыйны працэс праз яго перасячэнне мяжы ў пандэмію, у панядзелак, хутчэй за ўсё, будзе суд.

Сябры Андрэя асцерагаюцца, што па якіх-небудзь прычынах ён будзе дэпартаваны далей у Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0