Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Менскім і Заслаўскім прызначаны епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін. Пра гэта сёньня паведаміў кіраўнік прэс-службы РПЦ Уладзімер Лягойда.

Такое рашэньне прыняў Сьвяты Сынод Рускай праваслаўнай царквы на пасяджэньні ў аўторак у Маскве

Мітрапаліт Павел прызначаны кіраўніком кубанскай мітраполіі, папярэдні кіраўнік каторай памёр 8 жніўня ад ускладненьняў пасьля каранавіруса.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў мітрапаліт Павал заявіў на сустрэчы зь вернікамі, што шкадуе пра заўчаснае віншаваньне Аляксандра Лукашэнкі з перамогай, а 17 жніўня ён наведаў зьбітых АМАПам пратэстоўцаў у лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Менску.

Свабода сабрала некаторыя факты пра новага кіраўніка БПЦ РПЦ.

Першы беларус на пасадзе кіраўніка Беларускага экзархату РПЦ

Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін (Тупека Віталь Іванавіч) нарадзіўся 16 верасьня 1968 года ў Лунінцы Берасьцейскай вобласьці.

«Інжынэр-радыёфізык»

Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 1 у Лунінцы ў 1985 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт на факультэт радыёфізыкі і электронікі. Служыў у арміі. У чэрвені 1992 году атрымаў дыплём па спэцыяльнасьці «інжынэр-радыёфізык».

Пастрыжаны ў Жыровіцкім манастыры

У жніўні 1992 годзе пачаў вучобу ў Менскай духоўнай сэмінарыі, але пасьля трэцяга курсу падаў прашэньне і быў прыняты ў лік браціі Усьпенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыру.

У 1994 годзе быў пастрыжаны ў манаства зь імем Веньямін.

Епіскап Барысаўскі

Рашэньнем Сьвятога Сыноду ад 5 сакавіка 2010 года выбраны епіскапам Барысаўскім, вікарыем Менскай эпархіі.

Кіраваў Выдавецкай радай Беларускага экзархату і Сынадальным аддзелам рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, быў намесьнікам старшыні царкоўнага суду Беларускага экзархату.

Крыж Эўфрасіньні і прэмія Лукашэнкі

Адзначаны шэрагам царкоўных узнагародаў, у тым ліку ордэнам Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, ордэнам Кірылы Тураўскага, а таксама сьвецкімі ўзнагародамі: прэміяй прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэньне» і знакам Міністэрства ўнутраных справаў «За садзейнічаньне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?