«Беларусь перажывае востры палітычны крызіс. Яго прычына — фальсіфікацыя выбараў, — піша Святлана Ціханоўская ў сваім звароце. — Калі б галасы выбаршчыкаў былі падлічаныя сумленна, не было б ніякай незадаволенасці людзей. Беларусаў абурыла тое, што пасля несумленных выбараў пераможцам быў абвешчаны былы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, якому народ адмовіў у даверы і падтрымцы. Лукашэнка ўжо не зможа кіраваць краінай, бо людзі патрабуюць, каб ён сышоў. Яго больш не паважаюць, з яго смяюцца, а ён чапляецца за ўладу.

Каардынацыйная рада выступае за ўрэгуляванне палітычнага крызісу ў Беларусі шляхам перамоў і правядзенне новых сумленных выбараў. Але замест пошуку дыялогу адміністрацыя адыходзячага прэзідэнта займаецца дробязнымі абвінавачваннямі і пераследамі. Гэта сведчыць аб адсутнасці ў чыноўнікаў і суддзяў дзяржаўнага мыслення. Трэба думаць у першую чаргу аб інтарэсах краіны, а не аб інтарэсах таго, хто павінен сысці на патрабаванне народа. Ніякія рэпрэсіі не будуць прынятыя нашым грамадствам. Ніякія спробы ўтрымання ўлады не дапамогуць пазбегнуць адказнасці за рэпрэсіі.

Каардынацыйная рада прадстаўляе інтарэсы большасці беларусаў. І наша імкненне да перамен мацнейшае за ваш страх. Я заклікаю праваахоўнікаў неадкладна спыніць ціск на сяброў Каардынацыйнай рады і вызваліць Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага. Не спрабуйце запалохаць нас і самі не бойцеся ісці на адкрыты дыялог з народам, да якога заклікае Каардынацыйная рада!» — заклікала Ціханоўская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0