kyky.org
Затрыманы бізнэсмен Аляксандр Васілевіч, які валодае рэкламным агенцтвам Vondel/Hepta, галерэяй сучаснага мастацтва» Ў», сайтамі kyky.org і The Village Беларусь. Пра гэта паведаміла яго жонка Надзея Зелянкова, піша Tut.by.
— Афіцыйна Саша затрыманы. Я дома, Саша не дома. У мяне падпіска аб неразгалошванні, таму тэлефанаваць мне бессэнсоўна, я нічога не магу вам сказаць. … Па мінулым досведзе арышту: не трэба пытацца, якія навіны ад Сашы, я іх не ведаю. Усім дзякуй і беражыце сябе, — напісала Надзея ў сябе ў Facebook.
27 жніўня тэлеграм-канал «Кулуары KYKY» паведамляў, што ў офіс рэкламнага агенцтва прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў дзяржкантролю.
— У выніку частка з іх з'ехала з офіса з Сашам Васілевічам — дырэктарам гэтага агенцтва. Мы ведаем, што да Сашы ўжо выехала яго адвакат. Мы будзем трымаць вас у курсе, — пісалі «Кулуары KYKY».
Як даведаўся TUT.BY, пяцёра супрацоўнікаў ДФР дзяржкантролю таксама прыходзілі з ператрусам у офіс дыджытал-агенцтва Red Graphic, якім валодае Надзея Зелянкова, жонка Аляксандра Васілевіча.
Таксама телеграм-канал «Кулуары KYKY» паведаміў аб тым, што супрацоўнікі ДФР прыехалі да Валянціны Кісялёвай, дырэктара галерэі «Ў», якой часткова валодае Аляксандр Васілевіч. Акрамя гэтага, двое супрацоўнікаў у цывільным прыходзілі да цешчы Васілевіча «для размовы»
Супрацоўнікі ДФР таксама звязваліся з Сашай Раманавай, дырэктарам выданняў Kyky.org і The Village Беларусь.
Васілевіч як грамадзянін актыўна падтрымліваў прыхільнікаў перамен. Яго затрымлівалі раней, калі ён быў у ліку людзей, што хацелі паручыцца за Віктара Бабарыку ў КДБ. Сайт The Village Беларусь быў заблакаваны.





