Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Кіеў спыняе ўсе афіцыйныя кантакты зь беларускім бокам да поўнай стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі, піша Радыё Свабода.

«У звычайныя часы ў нас адбывалася мноства афіцыйных кантактаў на ўсіх узроўнях — на ўзроўні міністэрстваў, агенцтваў і гэтак далей. Гэта была нармальная практыка. Цяпер усе гэтыя кантакты мы ставім на паўзу да стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі. Гэта таксама ўключае і працэс падрыхтоўкі да Форуму рэгіёнаў (Беларусі і Ўкраіны)», — заявіў Дзьмітро Кулеба, адказваючы на пытаньне Свабоды.

У той жа час міністар замежных спраў Украіны падкрэсьліў, што гаворка не ідзе пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў:

«Мы ставім на паўзу падрыхтоўку і правядзеньне афіцыйных сустрэчаў. Але для разрыву дыпляматычных стасункаў няма ніякіх падстаў пакуль што. Беларускі пасол працягвае выконваць свае функцыі ва Ўкраіне».

Дзьмітро Кулеба ня выключыў, што ўкраінскі амбасадар, адкліканы раней зь Беларусі, пасьля завяршэньня кансультацый вернецца ў Менск.

Міністар замежных спраў Украіны таксама заявіў аб падтрымцы афіцыйным Кіевам альбанскай і швэдзкай ініцыятыў у рамках АБСЭ аб садзейнічаньні дыялёгу між урадам Беларусі і апазыцыяй, а таксама пазыцыі Эўразьвязу.

«Што датычыць далучэньня да санкцый Эўразьвязу… Мы пакуль што ня бачылі канчаткова зацьверджаных санкцыйных захадаў, але мы ўжо далучыліся да папярэдняй заявы з гэтай нагоды, і гэта сьведчыць, што мы цалкам падзяляем палітыку і падыходы Эўразьвязу. Калі пабачым рашэньне аб санкцыях, то будзем ухваляць пэўныя адпаведныя рашэньні ў гэтым пытаньні», — заявіў Дзьмітро Кулеба.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру