Купалаўскі ужо не Купалаўскі: 63 чалавек звольніліся з тэатра, сярод якіх і яго прыма, народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік, што сыграла на гэтай сцэне больш за дзевяноста роляў, у тым ліку легендарную Паўлінку. Пра тое, што яна робіць і што будзе рабіць — у нашай гутарцы з актрысай.

Фота Дзяніса Дзюбы.

— Пасля таго, як вялікая частка калектыву звольнілася з тэатра, ці пашкадавалі вы, што разам з іншымі купалаўцамі выказаліся супраць дзеянняў улады?

— Ні разу. А як трэба было зрабіць? Я, напэўна, у люстэрка б на сябе не магла глядзець, ужо не кажу — у вочы гледачам. Хай гэта і высакамоўна гучыць, але я кажу праўду.

Канфармізм — вельмі правільная для здароўя рэч, ён дапамагае перажыць складаныя часы: ты думаеш, што лепш цярпець і маўчаць, бо ўсё роўна нічога з месца не зрушыш. Але прыходзяць моманты, калі мяжа становяцца настолькі абвостранай, што ты альбо тут, альбо там — іншага не дадзена.

У нас не было ніякіх сумненняў: тыя, хто сышоў з тэатра, не вагаліся, выказвацца альбо не.

— Ваш калектыў сапраўды паказаў зайздросную згуртаванасць.

— Я нават не думала, што так будзе.

Я не той чалавек, які паддаецца эйфарыі, бо доўга жыву на свеце і бачыла, як людзі спачатку носяцца з адным сцягам, потым з іншым, потым увогуле без сцягоў, ідуць у партыю, з партыі выходзяць…

Я ўсё гэта бачыла, таму думала, што нас будзе менш, — і сёння я ганаруся прыгожымі, разумнымі, таленавітымі купалаўцамі.

— Калі б Паўла Латушку не звольнілі, а вы не звольніліся ўслед, ці змаглі б вы ў сённяшніх умовах адыграць спектакль?

— Я не ўяўляю, як магу выйсці на сцэну: у мяне на гэта няма маральных сіл. Калі я выходжу іграць, значыць, пагаджаюся з тым, што ў нас усё цудоўна, краіна квітнее, вакол добрыя людзі. Правільна?

А як жа Янка Купала, імя якога мы носім?

Калі зрабіць выгляд, што ўсё добра, як потым глядзець людзям у вочы і якія апраўданні сабе прыдумляць? Думаю, можа быць, іншымі сродкамі, але было б тое самае: не напісалі б мы 13 жніўня гэты зварот — зрабілі б як-небудзь па-іншаму, я ўпэўнена.

— Патрабаванні, якія высунулі купалаўцы, прадугледжваюць іншую краіну, бо пры дзейнай уладзе іх выкананне не ўяўляецца магчымым. У якой краіне, на вашу думку, мы цяпер жывём і што вас у ёй не задавальняе?

— Мы жывём у дзяржаве, якая прапануе нам гульню — казаць, што белае ёсць чорнае, а чорнае ёсць белае.

Мы падпарадкоўваемся гэтым правілам, блытаем фарбы, падманваем, усміхаемся таму, каму ўсміхацца нельга, паціскаем руку таму, каму паціскаць руку нельга, — вось такая ілюзорная, прыдуманая для аднаго чалавека краіна. Я нават не ведаю, ці ўсведамляе гэты чалавек рэаліі, можа, ён сапраўды жыве ў такой ілюзорнай сітуацыі. Гэта цягнецца ўжо вельмі даўно і вельмі цяжка і адбіваецца на ўсім, у тым ліку на творчасці. Я хачу, каб мастак працаваў у нашай краіне, а ён не можа, бо яму закрываюць рот. Мы хочам паставіць спектакль, а нам кажуць: нельга. Я хачу краіну, дзе кожны можа выказацца і раскрыцца як мага найбольш. А ў нашых школах, тэатрах адбываецца тое самае: нам кажуць, што можна рабіць, а што нельга, быццам мы каго забілі ці ідзём на некага вайной…

— Асабіста вы адчувалі ў сваёй працы абмежаванні праз існуючую сістэму?

— Безумоўна. Выхад кожнага спектакля станавіўся стрэсам, у першую чаргу, вядома, для рэжысёраў, якія рабілі цудоўныя пастаноўкі, а мусілі выслухоўваць ад Міністэрства культуры заўвагі, што не казаць і чаго не рабіць. Гэта было гідка і мярзотна.

— А нашае Міністэрства культуры, на ваш погляд, паказвае сябе кампетэнтным у сваёй справе?

— Не думаю, што яно можа быць кампетэнтным, нават калі там ёсць разумныя людзі, а яны там ёсць. У іх зноў жа гульня і пункты: калі ім падпарадкоўвацца, то што яны могуць? Анічога.

— Міністр культуры Юрый Бондар на сустрэчы з купалаўцамі выступіў з рыторыкай, маўляў, дзяржава вам шмат дала, падтрымала падчас каранавірусу, а вы няўдзячныя. Што б вы яму на гэта адказалі?

— Гэта нейкі «сон розуму». Не ведаю, як дзяржава нас падтрымала падчас каранавірусу — нас падтрымаў наш дырэктар, не ўяўляю нават, што ён рабіў і адкуль даставаў грошы. Мы самі сябе падтрымалі, бо працавалі: нешта чыталі, запісвалі, трэба было выкручвацца.

Як нас падтрымала дзяржава, не ведаю, падчас каранавірусу яна, здаецца, нікога не падтрымала. Думаю, гэта і стала «бомбай».

Безумоўна, нам зрабілі рэканструкцыю тэатра. Я ўжо не буду выказваць прэтэнзіі, як яна зроблена, — цудоўна, што хоць зроблена, дзякуй, але што, мы за гэта павінны паклоны біць? Мы і білі: працавалі на ўсе дзвесце працэнтаў. Гэта зноў жа гульня:

нам нешта кідаюць, а мы павінны кланяцца, быццам яны асабіста нам гэта кідаюць. Ёсць дзяржава і нацыя: каб яны жылі і развіваліся, галоўным чынам патрэбныя літаратура, тэатр, музыка, адукацыя. Калі гэтага не разумець, то што гэта за ўлада і навошта яна тады?

— Што вы апошнім часам даведаліся пра беларусаў?

— Гэта адкрыццё для нас саміх: мы сціплыя, але адначасова тэмпераментныя, як італьянцы. Падтрымка, якую сёння адчувае кожны беларус, што знаходзіцца на светлым баку, проста агромністая. Я не думала, што будзе столькі эмоцый, сіл і святла, калі ўсе падымуцца і пойдуць, нават стомленыя, але з верай, што муры разбурацца. І разбурацца, я ўпэўнена.

— Як гэтымі днямі людзі падтрымліваюць Купалаўскі?

— Пішуць кожны дзень, я нават не паспяваю адказваць на паведамленні, прыходзяць да будынка, спяваюць, пазаўчора нам падарылі самаробныя бел-чырвона-белыя ўпрыгажэнні, прыносяць ежу, калі бачаць, што мы тут надоўга, пытаюцца, ці патрэбны нам грошы, бо як, маўляў, мы цяпер будзем жыць. Нам няёмка браць — не бяром, але, можа, і прыйдзецца ўзяць.

Нас падтрымліваюць артысты ўсёй Беларусі, хоць я б хацела, каб іншыя тэатры хутка запрацавалі, — не трэба самаспальвацца, дастаткова нас.

— Чым вы плануеце займацца далей?

— Збірацца і разам вырашаць нашыя пытанні. Будзем нешта прыдумляць, ужо ёсць пэўныя прапановы — вось трэба паслухаць, што дзе адкуль прыйшло. Калектыў павінен застацца разам, тут (паказвае на будынак тэатра) ужо не Купалаўскі, але, напэўна, гэта будзе называцца Купалаўскім. Мы хочам быць разам, і думаю, усё будзе добра.

— Чым увогуле творчая інтэлігенцыя сёння можа дапамагчы пратэсту?

— Яна проста павінна быць разам з народам: хадзіць, куды трэба, падтрымліваць тых, каму падтрымка патрэбна, — цудоўных рабочых, медыкаў. Я магу спяваць — значыць, трэба спяваць, магу чытаць вершы Караткевіча і Купалы — значыць, трэба чытаць. Хто як можа, але быць з народам.

Такія пераломныя моманты ў жыцці краіны заўсёды паказваюць, хто чаго варты.

Сціплы маўклівы чалавек раптам аказваецца героем,

а з усіх бакоў пацалаваны ўладай і абвешаны медалямі і рэгаліямі аказваецца проста дробным баязліўцам, якому больш важныя сваё месца, свае грошыкі і каб яго не чапалі. Закрыць вочы, вушы — і хай цягнецца, а ён зробіць выгляд, што ўсё нармальна, а грошыкі тым часам будуць капаць, яшчэ і апраўданне прыдумае, што ён за добрае і вечнае. Я магу толькі зразумець, што гэта за чалавек, і атрымаць права яго не паважаць. Але няшмат людзей паказала сябе такім адмоўным чынам.

— Раскажыце, як вы ў сям’і абмяркоўваеце апошнія падзеі?

— Ва ўсіх нармальных беларусаў рэакцыя адна — адбылася трагедыя, якую немагчыма вытрымаць.

Мы ў сям’і думаем аднолькава, хоць нехта і большы песіміст, мне нават прадказалі, што купалаўцы сыдуць з тэатра ў той час, як я казала, што можа хіба адзін-два. Напэўна, наперадзе складаны шлях, але ён будзе чысты і мне будзе не сорамна ні за сябе, ні за сям’ю.

— У дні пасля выбараў вам даводзілася плакаць?

— Шмат разоў, Валя (дачка Валянціна Гарцуева — Аўт.) вельмі многа плакала, проста я ўмею закрывацца і плакаць унутры.

Усё, што адбылося, атрымліваецца, учыніў адзін чалавек, ад пачатку і да канца — што тут можна яшчэ сказаць.

Раней я спакойна ставілася да нашай міліцыі, нядаўна ў іх на канцэрце чытала Купалу, я і сёння ўпэўнена, там шмат прыгожых, сумленных людзей… Але беларусы ніколі не баяліся хадзіць па вуліцах, а сёння стала страшна. Мы кожны вечар ходзім дадому, пасля спектакля, бывае, і пасля адзінаццаці, раней я не баялася — жах, як усё перакруцілася.

У майго зяця трапіла куля: муж Надзюшы (сястры Зоі Белахвосцік Надзеі Белахвосцік — Аўт.) ішоў з працы, падымаўся па лесвіцы ля станцыі метро «Спартыўнай» і размаўляў па тэлефоне. Потым ён убачыў, што людзі пабеглі, абярнуўся — а знізу на дзвюх машынах пад’ехалі амапаўцы і сталі страляць у натоўп. Яму трапілі ў спіну і ў руку.

На спіне засталася страшэнная гематома, а ў руцэ куля засела, ён па сённяшні дзень ходзіць на перавязкі. Як я кажу, сямейных рарытэтаў у нас прыбавілася — куля.

— А вы ходзіце на акцыі пратэсту?

— Безумоўна,

наколькі хапае сіл, мы разам з купалаўцамі ходзім. Хаджу і буду хадзіць.

— Ці магчымае вяртанне Зоі Белахвосцік у Купалаўскі тэатр?

— Калі ўсё ачысціцца, усе пытанні вырашацца, нашыя патрабаванні будуць выкананыя, то і мы вернемся, але толькі разам. Але нават калі мы вернемся, былога Купалаўскага ўжо не будзе, наогул нічога не будзе, як было. Можа быць, стане лепш, з большай свабодай творчасці. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?