Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач расказаў, што падчас размовы з паслом Беларусі ў Польшчы ён перадаў у адрас афіцыйнага Мінска словы «здзіўлення, расчаравання і заклапочанасці з нагоды заяваў Аляксандра Лукашэнкі і яго найбліжэйшага атачэньня», паведамляе Радыё Свабода.
27 жніўня ў МЗС Польшчы выклікалі пасла Беларусі Віктара Чушава пасля заявы Лукашэнкі, што Польшча нібыта мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Гродзенскую вобласць.
Паводле намесніка міністра, беларускага дыплямата тэрмінова запрасілі ў МЗС у сувязі з «серыяй ілжывых заяваў, абвінавачанняў з боку вышэйшых прадстаўнікоў беларускіх уладаў у адрас Польшчы».
Пшыдач падкрэсліў, што Польшча лічыць такую лінію «неабгрунтаванай, заснаванай на лжывых і шкодных аргументах». Ён падкрэсліў, што Польшча не мае варожых намераў да Беларусі і дадаў, што ў краіне не вядзецца дэбатаў аб якіх-небудзь памежных або геапалітычных зрухах, няма ніякіх вайсковых рухаў.
«На наш погляд, гэта спроба запалохаць беларускае грамадства нейкім уяўным вонкавым ворагам», — ацаніў намеснік міністра.





