Валерый Лявончык адслужыў у войску пяць гадоў. І меў намер служыць як мінімум яшчэ столькі ж, але ўвечары 9 жніўня трапіў пад міліцэйскі «хапун». Калі праз тры дні хлопец выйшаў з ІЧУ і патэлефанаваў у сваю частку, яму паведамілі, што ён «даўно ўжо звольнены». Валерый распавёў Intex-press, як апынуўся на плошчы, што адбывалася пасля затрымання, як вайскоўцы ставяцца да Лукашэнкі і чаго ён зараз больш за ўсё баіцца.

Валерый Лявончык служыў па кантракце ў адной з вайсковых частак Баранавіч. Даслужыўся да прапаршчыка, займаў матэрыяльна адказную пасаду тэхніка-начальніка сховішча. Праца яго задавальняла, у мінулым годзе ён працягнуў кантракт на пяць гадоў і меў намер служыць далей. Але адзін вечар перакрэсліў усе яго планы.

9 жніўня ў Валерыя быў выхадны. Ён быў дома (хлопец здымае кватэру ў Паўднёвым мікрараёне) і перапісваўся з дзяўчынай, маючы намер увечары з ёй сустрэцца.

— Дзяўчына жыве ў цэнтры горада. Мы перапісваліся, але потым стала знікаць сувязь. Я вырашыў пайсці да кінатэатра «Кастрычнік» і ўжо адтуль паспрабаваць з ёй звязацца, — успамінае падзеі таго вечара Валерый. — Пра тое, што менавіта ў гэты дзень у горадзе будуць нейкія мітынгі, я не ведаў. Думаў, усё пачнецца 10-га чысла, калі абвесцяць вынікі выбараў.

Па словах хлопца, калі ён падышоў да кінатэатра, пляцоўка каля яго была зусім пустая.

— Каля фантана не было ніводнага чалавека. Я сеў на лавачку, каб адправіць паведамленне, але да мяне адразу ж падышлі супрацоўнікі міліцыі, узялі пад рукі і павялі ў аўтобус, — распавядае ён.

Па дарозе Валерый спрабаваў высветліць, за што яго затрымалі, прапаноўваў проста перайсці ў іншае месца, калі ён нешта парушае. Але яму толькі адказалі, што разбірацца ва ўсім будуць у міліцыі.

— Я падумаў: ну добра, разбяруцца, я ж нічога не парушаў, — распавядае Валерый.

Але ў гарадскім аддзеле міліцыі, паводле слоў хлопца, яго толкам нават не слухалі.

— Я ім тлумачу сітуацыю, кажу, што выйшаў у горад ненадоўга, што ў мяне нават форма ў тазе замочаная ляжыць, таму што на службу заўтра заступаць. Але ніхто не слухаў наогул, — успамінае былы прапаршчык.

Хлопца змясцілі ў ІЧУ. У адной камеры з ім апынуўся каталіцкі святар і кліент піцэрыі, які проста выйшаў адтуль у непрыдатны момант. Ноч была бяссоннай: людзям паабяцалі, што іх раніцай адпусцяць, таму яны правялі гэты час у размовах.

Але замест вызвалення пачаліся допыты.

— Спачатку мяне дапытвалі супрацоўнікі ГАУС. Я ўсё ім растлумачыў, але мне сказалі, што са слоў нейкага іх супрацоўніка я бунтаваў і на просьбы супакоіцца не рэагаваў, аказваў супраціў. Запатрабавалі падпісаць пратакол. Я кажу: я ж нічога гэтага не здзяйсняў, як я магу такое падпісаць? На што мне адказалі, што калі я не напішу, то ў бліжэйшы час магу не выйсці, — распавядае Валерый.

Хлопец вырашыў, што «прасцей штраф заплаціць, чым сядзець невядома колькі», і напісаў, што з прад'яўленымі абвінавачваннямі згодны часткова.

— Пасля гэтага прыбыў супрацоўнік з КДБ. Пытаўся, колькі нам заплацілі. Мае тлумачэнні ён слухаць не хацеў. Я падумаў, што, можа, хоць суддзя мяне пачуе. Але варта мне было зайсці ў кабінет, дзе нас судзілі, я адразу зразумеў: што б я ні сказаў, усё ўжо вырашана: на стале была папера з маім пакараннем, — кажа Валерый.

Яму далі сем сутак арышту. Аднак ужо на трэція суткі нечакана адпусцілі.

— Я так і не зразумеў чаму, — кажа Валерый. — Як толькі выйшаў, адразу патэлефанаваў камандзіру часткі, патлумачыў сітуацыю, спытаў, што мне рабіць. Камандзір сказаў: «Не хвалюйся, на працу можаш не хадзіць, ты ўжо даўно звольнены».

Да свайго звальнення Валерый паставіўся па-філасофску. Маўляў, гэта проста праца: сёння ёсць, заўтра няма. Да таго ж ён не хавае, што сам падтрымлівае Святлану Ціханоўскую, нават хадзіў на яе пікет, калі яна прыязджала ў Баранавічы, пра што яго начальства ведала і нават адчытвала пасля.

— Я схадзіў на пікет, сфатаграфаваўся з бел-чырвона-белым сцягам, таму што ён мне падабаецца, паставіў гэтае фота на аватарку ў сацсетках. Так камандзір часткі выпісаў усіх кантрактнікаў, якія «лайкаюць» фота, і пад пагрозай звальнення запатрабаваў прыбраць гэтыя «лайкі», — кажа Валерый Лявончык. — Але я ведаю, што многія ваенныя галасавалі за Ціханоўскую, а Лукашэнку падтрымліваюць у асноўным камандзіры і іх намеснікі. Проста ўсіх запалохваюць: хтосьці баіцца працу страціць, хтосьці — жыллё, нехта сядзіць у войску, бо рукі не з таго месца растуць. Але маё меркаванне: Ціханоўская перамагла.

Тым не менш ёсць адна акалічнасць, якая хлопца моцна турбуе. Нават палохае: тое, што яго сховішча перадаюць камусьці без яго.

— Калі я прымаў сховішча, праводзілі інвентарызацыю, ставілі подпісы пад дакументамі. А цяпер гэтую пасаду прымаюць без мяне, у аднабаковым парадку. І калі раптам чагосьці «недалічацца», я ўжо нічога не дакажу. Так што рыхтуюся да судоў, — кажа Валерый.

Па словах хлопца, ужо цяпер яму вядома, што ён павінен будзе выплаціць больш за 6,5 тысячы рублёў: «за нявынаску формы» і выплаты, атрыманыя ім пры падаўжэнні кантракту. Пра тое, якія яшчэ наступствы могуць быць, Валерый нават думаць баіцца. Тым больш што ваенны білет яму пакуль не аддалі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру