У Мінску каля Чырвонага касцёла мітынгоўцы пачалі выбудоўвацца ў ланцуг салідарнасці. Да іх падышлі міліцыянеры і заклікалі разысціся. Зноў не абышлося без затрыманняў мужчын.
У ланцугу салідарнасці на плошчы Незалежнасці больш за сотню людзей. Міліцыянты ходзяць уздоўж ланцуга, папярэджваюць:
— Мерапрыемства не санкцыянаванае.
— А збіццё людзей было санкцыянаванае? — пытаюць пратэстоўцы.
— Вы можаце быць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці… — чуецца ў адказ.
Пазней з'явіліся ціхары і аўтазакі з афіцыйнай сімволікай.
Пасля таго, як амапаўцы выйшлі на плошчу, жанчыны сталі ў «счэпку».
Сілавікі акружылі людзей і адагналі прадстаўнікоў прэсы ад эпіцэнтра падзей.
З калонак даносіцца: «Не правакуйце на актыўныя дзеянні, не прымушайце прымяняць фізічную сілу і спецсродкі».
Дзяўчыны ў ланцузе спяваюць «Купалінку». Сілавікі ад іх не адыходзяць.
Сілавікі ўзялі прысутных у кола, а дзяўчаты спяваюць усё гучней.
Некаторыя жанчыны «выхоўваюць» амапаўцаў: «Думаеш, мне плацяць каб я тут стаяла? Гэта табе плацяць, каб ты тут стаяў. Паглядзі мне ў вочы і скажы, што Лукашэнка выйграў выбары!»
Пазней жанчыны сышлі з плошчы і пайшлі па праспекце ў бок «Кастрычніцкай».
На плошчы Незалежнасці затрымалі некалькі журналістаў. Сярод іх сябра БАЖ Ілля Кузняцоў.





