Дзяўчаты сталі збірацца ў раёне Плошчы Перамогі да 16:00. Яны пастроіліся ў ланцуг салідарнасьці па абодва бакі праспекта. Да месца правядзення акцыі пад'ехалі некалькі аўтазакаў, супрацоўнікі АМАПа прасілі ўдзельніц разысціся, у некаторых перапісалі звесткі.
Праз некалькі хвіліні жаночая калона рушыла ўздоўж праспекта Незалежнасці ў бок цырка, але дарогу ім перагарадзілі сілавікі. Пасля гэтага пратэстоўцы разгарнуліся ў бок плошчы Якуба Коласа, а затым — у бок Акадэміі навук. У акцыі ўдзельнічалі да 10 тысяч чалавек. Сярод удзельніц — член Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава.
Каля АН дарогу зноў перагарадзілі сілавікі, і калона рушыла ў адваротны бок.
Дзве новыя папулярныя крычалкі на сённяшняй акцыі — «Усе не ўлезуць!», «Скора скончыцца бензін!» (у бок аўтазакаў) і «Хопіць нас пужаць!».
Вялікі энтузіязм у пратэстоўцаў выклікаюць людзі, якія вітаюць іх з акон і балконаў сваіх кватэр. Фурор у жаночай дэманстрацыі выклікаў мужчына з голым торсам і коцікам у руках
Потым жанчыны рушылі на Камароўку.
Падчас акцыі былі затрыманыя некалькі мужчын, у тым ліку ў прамым эфіры журналісты «Радыё Свабода» Алесь Пілецкі і Андрэй Рабчык, «Нямецкай хвалі» Паўлюк Быкоўскі і КП у Беларусі Святаслаў Зоркі. Двух апошніх адпусцілі.





