Фота з архіва Віктара Куўшынава

Фота з архіва Віктара Куўшынава

Днем 2 верасня дадому да Віктара Куўшынава, аднаго з топ-менеджараў кампаніі PandaDoc, прыйшлі чатыры чалавекі ў цывільным. Як паведамляе яго жонка, цяпер Віктар не выходзіць на сувязь, з дома прапаў яго камп'ютар, піша Tut.by.

Нагадаем, сёння з ператрусам у менскі офіс кампаніі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Сузаснавальнік PandaDoc — ІТ-бізнесмен Мікіта Мікада, які прапануе дапамогу сілавікам, што звольніліся пасля выбараў.

— Віктар працаваў сёння дома, — кажа Аляксандра Дзікан, жонка Куўшынава. — Няня выходзіла з дзіцем на прагулку, паспела паведаміць, што дадому прыйшлі чатыры чалавекі ў цывільным. Датэлефанавацца мужу не магу, ён не падымае трубку, няма дома і яго камп'ютара. У яго заключаны дагавор з адвакатам.

Нагадаем, сёння раніцай у офіс PandaDoc прыйшлі супрацоўнікі ДФР.

— Закрылі супрацоўнікаў у офісе, забараняюць карыстацца тэлефонамі, усё аглядаюць, — кажа сузаснавальнік кампаніі Мікіта Мікада, сам ён знаходзіцца за мяжой. — Патрабуюць, каб разблакавалі камп'ютары, інакш забяруць. З офіса нікога не выпускаюць.

Кампанію PandaDoc у 2011 годзе заснавалі ў ЗША двое беларусаў — Мікіта Мікада і Сяргей Барысюк. У 2013-м каманда запусціла свой унікальны аднайменны прадукт — SaaS-рашэнне, якое аўтаматызуе ўсе этапы па працы з дакументамі, уключаючы іх стварэнне, адпраўку, захоўванне, электронны подпіс і атрыманне плацяжоў. Зараз дадатак выкарыстоўваюць па ўсім свеце каля 20 тысяч кліентаў.

Галоўны офіс кампаніі знаходзіцца ў Сан-Францыска ў ЗША, але сам прадукт распрацоўваецца ў Мінску. Прычым, па словах Мікіты, у ЗША прыкладна сто супрацоўнікаў, а ў Беларусі — у два разы больш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?