Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказвае глыбокую занепакоенасць у сувязі з тым, што 31 жніўня, пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы на пагранічным пераходзе Кузніца Беластоцкая — Брузгі Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь.

Недапушчальна, што біскуп Каталіцкага Касцёла, які з’яўляецца пастырам даручаных яму вернікаў, пазбаўлены магчымасці знаходзіцца ва ўласнай дыяцэзіі і несці ў ёй служэнне, даручанае яму Святым Айцом Папам Францішкам.

Забарону на ўезд на тэрыторыю Беларусі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі лічыць нязгоднай з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гэтыя і падобныя дзеянні асобных органаў улады не спрыяюць будаўніцтву канструктыўных адносін паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам у нашай краіне, не служаць змяншэнню напружанасці і пераадоленню глыбокага падзелу ў грамадстве.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказвае надзею на тое, што адмова арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь з’яўляецца толькі прыкрым непаразуменнем, якое як найхутчэй будзе вырашана, а таксама што падобныя інцыдэнты не будуць адбывацца ў будучыні.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца да духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, а таксама да ўсіх людзей добрай волі з просьбай аб руплівай малітве ў інтэнцыі як мага хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму.

Ад імя каталіцкіх біскупаў Беларусі: Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі, Віцэ-старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі; Юзаф Станеўскі, Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0