На сайце Ліцэя БДУ з'явіўся адкрыты ліст калектыву супраць гвалту:

«Калектыў Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта рашуча асуджае эскалацыю гвалту на вуліцах Беларусі, якая назіраецца ў апошнія тыдні.

1 верасня 2020 года выпускнікі Ліцэя БДУ сабраліся на мірную акцыю салідарнасці ў падтрымку затрыманых выпускнікоў Антона Бяленскага і Андрэя Пазняка, якая адбывалася насупраць галоўнага ўвахода ў Ліцэй БДУ. Акцыя скончылася жорсткімі затрыманнямі з прымяненнем сілы на тэрыторыі ўстановы адукацыі.

Нагадваем, што згодна з ч.1 арт. 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Згодна з арт 35. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай.

Супрацоўнікі Ліцэя БДУ асуджаюць усе формы агрэсіі і гвалту, тым больш на тэрыторыі ўстановы адукацыі, бо Ліцэй заўжды быў прыкладам спакойнага і паважлівага стаўлення не толькі да сваіх вучняў, настаўнікаў і выпускнікоў, але і да ўсіх суграмадзян, якія мірна выяўляюць сваё меркаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0