Раман Шабановіч, бацька пяцярых дзяцей, адбывае суткі.

Раман Шабановіч

Раман Шабановіч

Шабановіч — беларускі татарын, ён пляменнік вядомага муфція Абу-Бекіра Шабановіча.

Пра гісторыю Рамана пісаў «Анлайнер»: Шабановіч пафарбаваў тэнт свайго грузавіка ў вялікі бела-чырвона-белы сцяг. За гэта машыну забралі.

«Ехаў 16 жніўня па Партызанскім праспекце, каля завода «Мотавела», наш грузавік дагнала патрульная машына. Інспектары папрасілі прыняць направа і спыніцца, паказаць дакументы. Паглядзелі, вярнулі ўсе, акрамя пасведчання аб рэгістрацыі ТС і пашпарта. Па розных прычынах прасілі выйсці, але я адмовіўся. Растлумачыў проста: баюся.

У мяне пяцёра дзяцей. Аднаго з іх, 16-гадовага сына, затрымалі і збілі, калі ён катаўся на ровары, потым здзекаваліся ў РУУС», — казаў Шабановіч.

Яго жонка Ларыса распавяла «Нашай Ніве»: іх сын ўдзельнічаў у велапрабегу яшчэ да выбараў. 7 жніўня падлетак, апрануты ў майку з Пагоняй, ехаў на ровары.

«Я ўбачыла, што затрымалі нейкіх раварыстаў, напісала сыну ў вайбер: затрымалі цябе? — узгадвае Ларыса Шабановіч. — Прыйшоў адказ: «Не мяне». А пасля сын распавёў, што ў той момант быў ужо затрыманы, а паведамленне пісаў з яго тэлефона міліцыянт».

Забірала хлопца з міліцыя хуткая дапамога — страсенне мозгу, ЧМТ, сінякі і іншыя траўмы.

Таму 16 жніўня бацька і не хацеў выходзіць з машыны. Плюс разам з ім ім у кабіне была 12-гадовая дачка. Міліцыянты настойліва прапаноўвалі выйсці, Раман адмаўляўся. Але неўзабаве грузавік дагнала калона людзей, яны паведамілі: едзе АМАП. Шабановіч кажа, што выбару не было — прыйшлося кінуць грузавік, узяць дачку і сысці разам з калонай.

Пасля грузавік кудысьці знік. Шабановіч шукаў яго, званіў у міліцыю — там настойліва запрашалі пад’ехаць то ў аддзяленне, то ў ДАІ. Шабановіч ехаць не хацеў, бо было страшнавата.

Пазней машына знайшлася на стаянцы па вуліцы Трасцянецкай. Але знік сам Раман Шабановіч.

«Ён прыяджаў на тую стаянку, пасля расказваў, што там на яго напалі людзі, выскачылі з нейкага мікрааўтобуса, — расказвае Ларыса Шабановіч. — Гэтыя людзі былі ў цывільным, на тварах медыцынскія маскі. Яны білі мужа, зацягвалі ў бус, але Раман збег. Пакуль бег, пачаў крычаць, гэтыя за ім не пабеглі, бо ўбачылі, што на іх глядзяць мінакі, якія пачулі крыкі — спужаліся сведкаў.

Пасля Раман дома не ночыў, хаваўся».

Але ў дом Шабановічаў усё роўна завіталі сілавікі.

«Мужам зацікавіліся ў аддзеле уласнай бяспекі МУС, як я зразумела. Міліцыянты прыязджалі дадому, тлумачэнні хацелі ўзяць у нас. Я, праўда, адмовілася. У іх была пастанова: па заяве начальніка турмы №8, што ў Жодзіне, яны праводзяць нейкія там мерапрыемствы.

Згодна з пастановай, Раман нібыта званіў гэтаму начальніку турмы і пагражаў. Мне Раман казаў, што не памятае, каб такое рабіў. Але ведаю, што ён званіў тэлевядучаму Аверкаву, гэта я сама чула. Муж яму ветліва казаў: «Алякандр, як жа вам не сормна?»

28 жніўня Раман Шабановіч вырашыў, што пойдзе ў міліцыю сам. Узяў адваката і наведаў МУС.

«Там муж правёў 4 гадзіны. Пасля, здаецца, паехалі на стаянку паглядзець машыну. Затым муж пайшоў у Ленінскі РАУС, пасля ў ДАІ Ленінскага раёна — там яго і затрымалі, — кажа жонка Рамана. — За што менавіта затрымалі — не ведаю. Найхутчэй за непадпарадкаванне. У панядзелак быў хуткі суд, Раману далі 8 сутак».

Па іроніі лёсу, адбывае пакаранне Раман Шабановіч якраз у Жодзіне. У суботу ён выйдзе на волю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?