Улады працягваюць і вайну з памяццю пра забітых і скалечаных дэманстрантаў. Штоноч з месца гібелі Тарайкоўскага ў Мінску крадуць кветкі. Зрэзалі агароджы, на якія людзі вешалі кветкі. А ўчора пяском з соллю засыпалі надпіс памяці Тарайкоўскага на тратуары. Калі жыхар суседняга дома прыйшоў з венікам, каб змесці гэты пясок, яго павязалі. Увечары, калі амапаўцы паехалі, жыхары квартала сабраліся яшчэ раз і соль змялі зноў.

Чалавек, якога затрымалі з венікам, напісаў «Нашай Ніве», як усё было.

«У навіне пра чалавека, каторы выйшаў з венікам змесці пясок з надпісу «Не забудзем» на Пушкінскай, — я.

Было так.

Прыйшоў прыбраць засыпаны надпіс. Да майго прыходу ўжо нехта яго збольшага пачысціў. Я прыйшоў са шчоткай і саўком. Менш чым праз хвіліну да мяне падышлі супрацоўнікі міліцыі (два лейтэнанты і два ППСаўцы) і запатрабавалі сысці, спаслаўшыся, што я не маю права прыбіраць, бо я не супрацоўнік камунальных служб (а як жа суботнікі?!).

На маё пытанне, які закон я парушаю, адказалі што пункт 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). На маю заўвагу, што неабходна спаслацца на пункт закона, які я парушаю, сказалі, што паеду ў РУУС.

Пасля маёй адмовы пакінуць месца, паклікалі нейкага чалавека ў цывільным, які паўтарыў тое самае, што і лейтэнант. Я сказаў, што калі мне назавуць, які канкрэтна закон я парушаю, то я гатовы сысці. У адваротным выпадку я застаюся. На што мяне забралі у РУУС.

Там я правёў каля 50 хвілін. Праверылі маю асобу, паразмаўлялі і адпусцілі без складання пратакола.

Перад тым як адпусціць, пастрашылі, што адправяць на Акрэсціна, потым гразіліся «адп..дзіць дубінай» (паставілі на калені і замахваліся). Але не білі, толькі замахваліся. Сказалі, што, калі яшчэ раз пападуся, тады не пашкадуюць. Што з «намі» «інакш як сілай нельга размаўляць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0