Так праходзіць суд. Амапаўцы-сведкі ў балаклавах, Tut.by
У Мінску праходзяць суды над затрыманымі 1 верасня пасля акцыі студэнтаў журналістамі. Як высветлілася, сакрэтнай інфармацыяй з'яўляецца не толькі рэальнае імя сведак — байцоў АМАП, але нават у што яны былі апранутыя, піша Tut.by.
На працэсе па справе Марыі Элешэвіч адвакат Андрэй Мачалаў спытаў, якія штаны былі ў сведкі Андрэя Млечкі (гэта трэба, каб апазнаць яго на відэазапісах).
— Я не магу сказаць, гэта сакрэтная інфармацыя, мне яшчэ працаваць, — заявіў амапавец.
— Высокі суд! Гэта здзек з правасуддзя, — абурыўся адвакат.
— Вы можаце адказаць на пытанне? — удакладніла суддзя.
— Не, я не буду, я супрацоўнік спецпадраздзялення, мне яшчэ працаваць, — кажа Млечка. Адвакат перакананы, што гэта несапраўднае прозвішча.





