55-гадовая мінчанка Алена Кароль пачала выходзіць да Чырвонага касцёла з 31 жніўня, калі даведалася, што мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь.

2 верасня пасля імшы ў касцёле жанчына села ў гарадскі аўтобус і паехала дадому ў Чыжоўку. На выхадзе з аўтобуса Алену затрымалі ціхары, якія, як аказалася, ехалі за ёй праз увесь горад і чакалі, на якім жа прыпынку жанчына выйдзе.

Алена Кароль каля Чырвонага касцёла. Фота Надзеі Бужан

Алена Кароль каля Чырвонага касцёла. Фота Надзеі Бужан

«У панядзелак, аўторак і сераду я звычайна выходзіла на паўтары гадзіны, — расказала «Нашай Ніве» Алена. — Спачатку наведвала імшу, а потым моўчкі стаяла каля касцёла з плакатамі «Упусціце Кандрусевіча дамоў», «Рукі прэч ад Тадэвуша Кандрусевіча» і «Журналісты не злачынцы». У панядзелак сілавікі мне настойліва казалі пайсці з імі, але ўсё абышлося. У аўторак наогул не чапляліся.

2 верасня а 20-й гадзіне пасля імшы я спакойна пайшла дадому. Дайшла да Міхайлаўскага сквера, села ў аўтобус і даехала да сваёй Чыжоўкі. І вось калі я выходзіла з аўтобуса, мяне схапілі два хлопцы ў цывільным і пасадзілі ў мікрааўтобус.

То-бок яны спецыяльна ехалі за звычайным грамадскім аўтобусам і чакалі, на якім жа прыпынку выйдзе гэтая 55-гадовая жанчына. Вялі мяне ажно да самой Чыжоўкі! 

У бусе было шэсць чалавек: два ціхары, два амапаўцы, кіроўца і яшчэ нехта. Калі я спытала, за што мяне затрымліваюць, то сказалі, што сама ўсё разумею. Потым удакладнілі: «Вы ў мітынгу ўдзельнічалі».

Прывезлі ў Маскоўскі РАУС, дзе ўжо былі затрыманыя «з мітынга». Параспытвалі, склалі смешны пратакол. У першым яго варыянце было ўказана, што затрымалі мяне 29 жніўня на бульвары Шаўчэнка а 18-й гадзіне вечара. А насамрэч мяне затрымлівалі 2 верасня ў Чыжоўцы каля 21 гадзіны. Яны пайшлі перапісваць. Прынеслі другі варыянт, дзе сказалі, што затрымалі мяне на плошчы Незалежнасці. Я зноў адправіла іх перапісваць.

Пратакол складала старшы лейтэнант міліцыі «Е. А Мартыновіч». Яна была настроеная супраць мяне. Убачыла гэтыя таблічкі і бел-чырвона-белы сцяг, сказала, што я ім махала і выкрыквала лозунгі. Насамрэч я стаяла моўчкі, а сцяг проста вясеў у мяне на плячах. Але рабіць было няма чаго: я падпісала пратакол і на ім напісала, з чым я не згодная.

У гадзіну ночы нас павезлі на Акрэсціна чакаць суда. Кіроўца, які адвозіў, дазволіў уключыць тэлефон і скінуць сыну смс, каб ён хаця б ведаў, дзе мяне шукаць. 

У камеры на Акрэсціна мы былі ўтраіх: са мной яшчэ дзве дзяўчыны. Мы падтрымлівалі адна адну і нават з нечага жартавалі. Я настроілася, што мяне пакінуць на суткі. Але прысудзілі на наступны дзень 20 базавых — 540 рублёў.

Калі нас выпускалі, мяне накрыла. Пачало трасці, я не магла супакоіцца. Калі выходзіла з Акрэсціна, то казала ўсім, што проста так не здамся, што распавяду сваю гісторыю.

Гэта ж такая знявага, калі ты трымаеш рукі за спінай, стаіш тварам да сцяны. Калі нам сказалі, што павязуць на Акрэсціна, першымі маімі словамі былі: «Як? У гэты Асвенцім?» Бо я бачыла, што там было ў першыя дні пасля выбараў. Сілавікі з гэтага смяяліся і казалі: «Ну што вы выдумляеце».

Калі стаяла каля касцёла, ведаеце, гэта быў мой душэўны крык, бо нашага мітрапаліта не ўпусцілі ў Беларусь. Я не хачу вайны, я за мір, і я ў любым выпадку буду працягваць выходзіць супраць усяго беззаконня, якое цяпер у нас адбываецца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?