Дзмітрыя Лукомскага затрымала міліцыя 3 верасня. Ён выйшаў з дому ў краму, і яго схапілі міліцыянты ў цывільным. Актывіста прывезлі ў суд, але яму зрабілася блага. Яго шпіталізавалі, піша «Радыё Свабода».
Вечарам 3 верасня Лукомскага адпусцілі з бальніцы. Раніцай 4 верасня яго зноў выклікалі ў міліцыю, потым завезлі ў суд і арыштавалі на 10 дзён.
Да таго Лукомскага затрымлівалі 11 жніўня. Яго моцна пабілі ў Цэнтральным РАУС. Калі ён выйшаў з ІЧУ 16 жніўня, то быў «увесь сіні». Ён казаў, што яго білі дручкамі па галаве, нагах, калолі іголкамі, прымушалі крычаць «Я люблю міліцыю».
Пасля вызвалення Лукомскі зафіксаваў збіццё і падаў скаргу ў Следчы камітэт. Але адказу дагэтуль няма.
«Толькі з Цэнтральнага РАУС тэлефанавалі і сварыліся на мяне за тое, што я падаў заяву на іх, вымушалі прыйсці да іх», — апавядаў раней «Свабодзе» Лукомскі.





