Сёння ў канцы Марша адзінства невядомыя ў кепках, масках і з дубінкамі ў руках ўварваліся ў кавярню O'Petit у самым пачатку праспекта Пераможцаў.

На працягу ўсяго шматсоттысячнага маршу затрыманняў не было, бо цэнтр Мінска быў проста заліты народам. Затрымліваць пачалі, калі разыходзіліся апошнія тысячы людзей, праз гадзіны дзве пасля таго як мітынгоўцы пачалі адыходзіць ад рэзідэнцыі прэзідэнта.

Дзікі эпізод здарыўся на праспекце Пераможцаў каля Нямігі. Калі з машын выскачылі ціхары ў штацкім, але з дубінкамі, людзі кінуліся ў суседнюю кавярню, а персанал установы замкнуў дзверы.

Тады людзі ў цывільным разбілі шкляныя дзверы дубінкамі і ўварваліся ўнутр. Яны вывалаклі некалькі чалавек.

Аказалася, што сярод людзей, якія разбівалі дзверы і вітрыны, быў Мікалай Карпянкоў, кіраўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

— Супрацоўнікі міліцыі пераследавалі актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства (менш за дзесяць чалавек), якія іх правакавалі, а затым паспрабавалі схавацца ў кафэ, — паведаміла Onliner.by афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.

Кадры, як сілавікі дубінкамі б'юць шкло ў кавярні, разышліся па многіх беларускіх і замежных СМІ. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?