У нядзелю ў Мінску людзі скакалі ў ваду, каб адарвацца ад сілавікоў, якія разганялі пратэстнае шэсце ў раёне Палаца Незалежнасці. Некалькі чалавек скокнулі ў Свіслач, іх падабраў катар АСВОД. TUT.BY адшукаў аднаго з хлопцаў, ён распавёў, што гэта было.

На фота — Аляксандр Паплаўскі і яго дзяўчына. Хлопцу 26 гадоў, кажа, што ўдзельнічаў у сённяшнім шэсці. Прыйшлі да бар'ера, які непадалёк ад Палаца Незалежнасці выбудавалі сілавікі, «пастаялі там хвілін 40».

Фота: прадастаўлена Аляксандрам Паплаўскім

Фота: прадастаўлена Аляксандрам Паплаўскім

— Бачыў, як нейкага хлопца зацягваюць за свой кардон людзі ў вайсковым камуфляжы. Мне падалося, што пачуў нейкія ўдары. Стаялі і людзі ў цывільным — я зразумеў, што гэта таксама сілавікі.

Калі пратэстоўцы сталі разыходзіцца, пачаліся затрыманні. Людзі ў форме рушылі на пратэстоўцаў, з'явіўшыся з-за загародкі.

— Спачатку мы сталі ў счэпку, нас было вельмі мала, чалавек 12. Бачу, што сілавікі рухаюцца на нас са шчытамі. Калі пачалі людзі бегчы — і мы таксама пабеглі. Потым мы заўважылі, што з другога боку — аўтазакі.

Аляксандр кажа, што людзі пабеглі ад сілавікоў у бок вады. Заўважылі катар, два чалавекі забеглі на яго.

— Катар пачаў адплываць. Нейкі мужчына скочыў у ваду — яго выцягвалі. І я таксама скочыў, падплыў і мяне таксама выцягнулі. А далей я бачыў, як затрымлівалі тых, хто застаўся. Іх моцна штурхалі. Некаторыя таксама скакалі ў ваду. У катары нас было чатыры чалавекі. А ў вадзе я бачыў, можа, чалавек дзевяць — але не здзіўлюся, калі на самай справе іх было болей. Скакалі, таму што разумелі — інакш затрымаюць.

Хлопец кажа, што даганялі пратэстоўцаў невядомыя ў цывільным і міліцыя — некалькі дзясяткаў чалавек. Уздоўж праспекта Пераможцаў стаялі аўтазакі.

У катары ніякіх размоў не вялі, тлумачыць Аляксандр, ён нават не зразумеў, што побач — супрацоўнікі АСВОД. Змерзлым людзям далі плед і адвезлі на іншы бераг.

— Прайшоў нейкую адлегласць, мокры, да машыны. Папрасіў тэлефон, пазваніў сваёй дзяўчыне.

Аляксандр дадае, што абураны сітуацыяй у краіне.

— Адбываецца незаконнасць, хлусня і запужванне.

Паводле інфармацыі TUT.BY, супрацоўнікаў змены АСВОД, якія дапамаглі людзям, што скокнулі ў ваду, даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Там яны даюць тлумачэнні наконт таго, што адбылося. Пакуль невядома, ці затрыманыя яны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0