6 верасня старшыню праўлення грамадскага аб'яднання «Экадом» Ірыну Сухій забралі з кватэры яе 93-гадовай маці трое міліцыянтаў. Двое былі ў балаклавах. Родныя кажуць, у кватэры таксама правялі ператрус (або агляд). Сёння справу Ірыны, якая правяла ноч у ізалятары, разгледзелі ў судзе, матэрыялы вярнулі ў РУУС для ліквідацыі недахопаў, піша TUT.BY. Пасля суда стала вядома, што дадому яе не адпусцілі, а адправілі на Акрэсціна.

Ірына Сухій. Фота: greenbelarus.info

Ірына Сухій. Фота: greenbelarus.info

Дачка Ірыны Ганна Воўк у сацыяльных сетках апісала, як затрымлівалі яе маці 6 верасня:

«Гадзіну таму пры мне і бабулі ў кватэры пачалі выломліваць дзверы і забралі маму ў Савецкі РУУС. Адзін без маскі і двое ў масках. Сказалі, што не затрымліваюць і пашпарт не патрэбны».

Пазней, калі Ганна паехала ў РУУС, яна даведалася, што ў кватэры праводзяць «ператрус» (магчыма, агляд, бо гаворка ідзе пра адміністрацыйную справу. — Заўвага TUT.BY). Забралі, па словах Ганны, старыя камп'ютары, у тым ліку камп'ютар, які належыць ёй, а таксама мадэм.

«Ніякіх дакументаў нам не далі. Дакумент, які пацвярджае асобу, перавернуты, быў паказаны на секунду. Сказалі, што міліцыя».

Ноч Ірына Сухій правяла ў ізалятары на Акрэсціна. Сёння ў судзе Савецкага раёна разгледзелі яе справу — абвінавачваюць ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» паводле арт. 23.34 КаАП. Па словах дачкі Ірыны Сафіі Садоўскай, у пратаколе пазначана, што 3 верасня яе мама прыняла ўдзел у акцыі а 18-й гадзіне, хоць у гэты час яна ўжо ехала на хутар. Як паведаміла Сафія ў сацыяльных сетках, матэрыялы адправілі начальніку Савецкага РУУС для ліквідацыі недахопаў.

Маму пакуль не выпусцілі і не сказалі, ці выпусцяць, удакладніла дачка. Па законе, адміністрацыйна затрыманых могуць утрымліваць да 72 гадзін, пасля чаго павінна быць рашэнне суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?