Сёння пачаліся судовыя працэсы над супрацоўнікамі выратавальнай станцыі «Камсамольскае возера». Трэція суткі яны знаходзяцца за кратамі, у аддзяленні міліцыі супрацоўнікі Асвода апынуліся пасля таго, як выратавалі людзей, якія пасля «Маршу адзінства», уцякаючы ад сілавікоў, скокнулі ў ваду. Пра тое, як праходзіў суд над адным з затрыманых, расказвае TUT.BY. 

Працоўны дзень 6 верасня для васьмі супрацоўнікаў Асвода скончыўся тым, што яны апынуліся ў Цэнтральным РУУС Мінска, а пазней іх перавялі на Акрэсціна. У чым канкрэтна абвінавачваюць ратавальнікаў, іх блізкія дакладна не ведалі, казалі, быццам гаворка ідзе пра непадпарадкаванне. Нібыта яны павінны былі дастаць людзей з вады і перадаць міліцыі, але зрабілі інакш. Выратавалі людзей з ракі і перавезлі на іншы бераг.

Учора ў падтрымку асводаўцаў на выратавальнай станцыі прайшоў пікет. Фота Надзеі Бужан. 

Учора ў падтрымку асводаўцаў на выратавальнай станцыі прайшоў пікет. Фота Надзеі Бужан. 

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаліся працэсы па затрыманых, вядзе працэс старшыня Аляксандр Петраш. Матарысту-рулявому выратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Мікалаю Купрыенку 54 гады. Яго абвінавачваюць па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы). Віну матарыст не прызнае.

«Купрыенка каля 18.25, знаходзячыся ў выратавальнай лодцы, каля дома 57 па праспекце Пераможцаў, маючы намер на непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка Цэнтральнага РУУС Александровічу, (…) на неаднаразовыя законныя патрабаванні (…) прычаліць да берага для перадачы асоб, якія знаходзяцца на борце выратавальнай лодкі, якія падазраваліся ў адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП і спрабавалі схавацца ад супрацоўнікаў міліцыі, катэгарычна адмовіўся гэта зрабіць. Праігнараваў ясна выражанае патрабаванне Александровіча і сплыў з дадзенымі асобамі на супрацьлеглы бераг, тым самым аказаў непадпарадкаванне», — зачытвае пратакол суддзя Петраш.

Мікалай Купрыенка распавядае: 6 верасня ён заступіў на дзяжурства.

— У нас было ўзмацненне. Нам трэба было глядзець, каб людзі не танулі ў вадзе. У прынцыпе, гэтым усё сказана, — кажа затрыманы матарыст. — А атрымалася, я ўбачыў, як тонуць людзі, у аднаго былі сінія вусны, пена з рота. Я глядзеў толькі на людзей і на ваду, па баках не глядзеў, не чуў, каб хтосьці крычаў. Людзі крычалі: «Дапамажыце! Ратуйце!» Я выконваў свае службовыя абавязкі. (…) Я ратаваў людзей.

Як кажа Мікалай Купрыенка, у той вечар ён выратаваў траіх і перавёз на станцыю. Суддзя доўга ўдакладняе, чаму быў абраны гэты маршрут, службовыя абавязкі матарыста, чаму ён не паплыў да берага, дзе быў АМАП.

І затрыманага супрацоўніка Асвода, і сведку Александровіча апытваюць праз скайп. Прысутныя іх не бачаць, але калі суддзя цікавіцца, ці бачыць Купрыенка міліцыянта на экране, той робіць заўвагу: «Чаго ён у масцы?» Гэтае пытанне засталося без адказу.

Як пазней высветліцца ў працэсе, міліцыянта А. А. Александровіча не існуе, даныя сведкі змененыя. Суддзя Петраш просіць паказаць яго службовае пасведчанне, вядома толькі, што яно заканчваецца на «22». Імя і імя па бацьку міліцыянта наогул не гучыць, а пазначана толькі ў матэрыялах справы.

Сувязь па скайпе пакідае жадаць лепшага, не ўсе словы сведкі чутныя на фоне рэха. Александровіч кажа, што ў той вечар патруляваў разам з супрацоўнікамі АМАПа. Пры спробе затрымання людзі пачалі скакаць у ваду, а супрацоўнікамі АМАПа «неаднаразова выказваліся патрабаванні аб неабходнасці перадаць грамадзян, яны не адрэагавалі».

Колькі канкрэтна людзей знаходзілася ў лодцы, сведка дакладна не ведае, адказваючы «больш за 2—3». Суддзя просіць Александровіча апазнаць, ці сапраўды там быў Купрыенка.

— Так, пазнаю, — кажа сведка.

Аналагічнае пытанне затрыманаму матарысту не задаецца, напэўна, таму што 6 верасня так званы Александровіч быў у балаклаве.

— Людзі добраахвотна апынуліся ў вадзе? — суддзя задае пытанне сведку.

— Вядома, добраахвотна, — адказвае чалавек, які хавае твар.

Яго паказанні не застаюцца без увагі матарыста-рулявога.

— Калі ён не бачыў, колькі людзей у судне, як ён можа мяне пазнаць? Я не згодны з тым, што мяне агаворваюць. Ён чытае па паперцы, а я кажу як было, — абураецца Мікалай Купрыенка.

На судзе высвятляецца, што праз гадзіну пасля выратавання людзей супрацоўнікі Асвода былі затрыманыя АМАПам проста на выратавальнай станцыі.

Агучваючы матэрыялы справы, суддзя Петраш робіць акцэнт, што матарыст і раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.

— Адзін раз — і тое выпадкова, — тлумачыць затрыманы.

На што Петраш адказвае, што гэта было не адзін раз: у 2013, 2017, 2018 гадах. Мяркуючы па рэакцыі супрацоўніка Асвода, ён гэта чуе ўпершыню.

— Не можа такога быць! Я адзін раз парушыў. Не ўяўляю, адкуль такія даныя, — кажа Купрыенка.

Рашэнне суда — штраф 30 базавых велічынь (810 рублёў), сёння матарыст выйдзе на волю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?