Максіма Сташулёнка звольнілі з МНС паводле артыкулу. Сьпярша яго ўгаворвалі звольніцца па пагадненьні бакоў, але ратавальнік адмовіўся. Ён зьбіраецца праз суд абскарджваць сваё звальненьне, перадае Радыё Свабода. 

У Менску ідзе барацьба за бел-чырвона-белыя сьцягі, грамадзяне іх масава вывешваюць, а невядомыя здымаюць, час ад часу іх здымаюць супрацоўнікі МНС. Але ня ўсе падтрымліваюць такія загады кіраўніцтва.

«Паведаміў у чат, дзе будуць здымаць сьцягі»

Максім Сташулёнак

8 верасьня Максім заступіў на дзяжурства, пачуў на вуліцы размову пра тое, што зараз у два месцы Фрунзэнскага раёну прыедуць здымаць бел-чырвона-белыя сьцягі. Пра гэта Максім напісаў у чаце жыхароў Фрунзэнскага раёну.

«Я заступіў на дзяжурства, як звычайна. Толькі выйшаў з адпачынку, пакуль са сьцягамі не сутыкаўся, толькі чуў, што гэтым загадваюць займацца ратавальнікам. Я ад гэтага ўжо нэрваваўся. Праходзіў поруч і пачуў размову двух чалавек. Яны пералічвалі адрасы, я запомніў два і напісаў у чат. Пасьля я выдаліў паведамленьне і напісаў проста адміністратару чату», — расказвае Максім.

Максіма выклікала на размову кіраўніцтва і папрасіла напісаць тлумачэньні, ад чаго ён адмовіўся і сказаў, што нічога не парушаў. Пасьля гэтага Максіма выклікалі яшчэ раз і далі падпісаць загад аб звальненьні. Кіраўніцтва вырашыла, што ён парушыў: прысягу, падпіску аб невыдаваньні службовай інфармацыі і дзяржаўных тайнаў, а таксама два пункты кантракту.

«Людзі пачалі масава падтрымліваць»

«Я не лічу, што нешта парушыў, мне падабаецца мая праца. Напісаў, што азнаёміўся з загадам, але ня згодны зь ім. Мне не паказалі нейкай дакумэнтацыі, нейкіх загадаў. Пры чым тут да парушэньняў размова нейкіх двух чалавек? Мяне адразу пачалі падтрымліваць людзі, пісаць. Я вельмі хваляваўся, як адрэагуе жонка, бо ў нас малое дзіця і чакаем другое, але яна ведала маю пазыцыю і падтрымала», — кажа Максім.

Ён кажа, што бясплатна знайшоў адваката і цяпер будзе абскарджваць сваё звальненьне. І хоць спачатку Максіму казалі, што ён мусіць пакінуць інтэрнат цягам трох дзён, цяпер да аспрэчваньня звальненьня яго не высяляюць.

«Мне прыйшла вялікая падтрымка ад людзей, самае галоўнае пытаньне — з жыльлём — вырашанае, паступілі дзясяткі прапаноў з працай», — гаворыць Максім.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?