Піша Міхась Скобла ў свежым нумары Народнай волі

Забаронены плод, як вядома, самы салодкі. Мастацкі фільм «Купала», які меўся выйсці на экраны яшчэ летась, як выглядае, трапіў у разрад забароненых. Прэм’ера, анансаваная на БТ, адкладалася то ў сувязі з пагаршэннем беларуска-расійскіх адносін, то з прычыны меркаванага ўдзелу ў еўрапейскіх кінафестывалях, то чакалася «дабро» ад самага вялікага ў краіне начальніка, які нібыта паглядзеў «Купалу» ў вельмі вузкім коле з самымі шырокімі паўнамоцтвамі.

Урэшце ці не самая разрэкламаваная і ад таго надзвычай чаканая стужка з мантажных студый «Беларусьфільма» ў кінатэатры так і не трапіла. А тут пачаліся прэзідэнцкія выбары — стала не да кінапрэм’ер. І насамрэч, калі ўсю Беларусь ужо месяц пасля выбараў літаральна ліхаманіць, калі краіна імкліва скочваецца ў цемрашальскае сярэднявечча, якое можа быць кіно, пра якога Купалу? Аказваецца — можа. Тыдзень таму фільм «Купала» хтосьці выклаў у інтэрнэт, яго імкліва пашыраюць тэлеграм-каналы і, нягледзячы на зразумелыя тлумачэнні рэжысёра-пастаноўшчыка Уладзіміра Янкоўскага пра незавершанасць пірацкай версіі, яго ўжо паглядзелі дзясяткі тысяч чалавек.

Прызнацца, я доўга трымаўся. А потым усё ж цікавасць перамагла. Думаю, зірну краем вока. А то рознае кажуць — і пра патрачаны на здымкі мільён долараў, і пра запрошанага на галоўную ролю замежнага артыста, і пра акцёраў-купалаўцаў, якім звыклым чынам дасталіся толькі эпізоды… Кажуць, што і масла хлебам мажуць. Таму ў мяне даўняе правіла — вер не сказу, а паказу.

Адным словам, знайшоў я таго «Купалу» ў інтэрнэце і — прасядзеў дзве з паловай гадзіны. Як прывязаны! Мала таго, дзесьці на хвіліне пятнаццатай паклікаў жонку і сына, і іх таксама было не адарваць ад экрана! Для мяне бясспрэчна — фільм пра Янку Купалу атрымаўся. Уся разам узятая бачаная мной раней прадукцыя «Беларусьфільма» не выклікала ў мяне столькі станоўчых эмоцый, як «Купала».

Выдатная аператарская праца Іллі Пугачова. Бліскучая гульня акцёраў. Стоадсоткава ўдалае ўваходжанне ў складаны вобраз Купалы Мікалая Шастака — ён, бясспрэчна, заслугоўвае найвышэйшай нацыянальнай кінапрэміі. Праўдзівасць сюжэта — амаль усе сцэны можна пацвердзіць дакументальна.

Скажам, Купала ў фільме гаворыць пра бальшавіцкі падзел Беларусі — і ў памяці адразу ўсплываюць яго забароненыя ў БССР радкі: «Далі шэсць паветаў — / дзякуй і за гэта…». Ці, напрыклад, у фільме гучыць усенародны сёння лозунг «Жыве Беларусь!», і мала ўжо хто ведае, што ён — з купалаўскага верша яшчэ 1905 года: «А вот як не любіць гэта поле і бор, / і зялёны садок, і крыклівую гусь!.. / А што часам тут страшна заенчыць віхор, — / гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!».

Цяпер вам зразумела, чаму стваральнікі «Купалы» так і не дачакаліся найвышэйшага дазволу на афіцыйныя паказы фільма? З жалем мушу канстатаваць — ад гэтай улады і не дачакаюцца. Стужка, вобразна, кажучы, занадта антыбальшавіцкая для кінатэатра «Кастрычнік», занадта беларусацэнтрычная для кінатэатра «Масква», занадта актуальная для кінатэатра «Беларусь».

Бо калі мой сын-васьмікласнік глядзеў кадры жорсткага разгону царскімі паліцэйскімі дэманстрацыі, на якую выпадкова трапляе малады Янка Купала (і атрымлівае нагайкай па твары), ён з дзіцячай непасрэднасцю выгукнуў: «АМАП на конях!».

Бо калі ў фільме НКВД арыштоўвае і запіхвае ў аўтаза…, прабачце, у варанкі Аркадзя Смоліча, Цішку Гартнага, Антона Луцкевіча, а яны дапытваюцца: «За што?», гэтае «за што» прагучала ў маіх вушах тысячамі галасоў затрыманых на мінскіх вуліцах.

Бо калі ў фільме першы прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, даведзены да адчаю, страляецца ў сваім кабінеце, мне, гледачу, прыгадваюцца смерці нашых сучаснікаў ад куль і дубінак амапаўцаў.

Бо калі Янка Купала, змучаны начнымі допытамі ў НКВД, піша перадсмяротны ліст і ўчыняе на экране спробу самагубства (за гэтую сцэну асаблівы дзякуй рэжысёру і акцёру), я ўспамінаю імёны маладых беларусаў, якіх знаходзяць павешанымі (без прыкмет гвалтоўнай смерці — па версіі Следчага камітэта).

Бо калі адзін з антыгерояў фільма, юдападобны крытык Алесь Кушнер (рэальны персанаж з сугучным прозвішчам лёгка пазнаецца), шантажуе ў бальніцы вернутага з таго свету Купалу антысавецкімі эпізодамі ў «Тутэйшых», я тут жа прыгадваю закрыты і разагнаны Купалаўскі тэатр, чый сёлетні юбілейны (100-ты!) сезон павінен быў распачацца якраз адноўленым спектаклем «Тутэйшыя».

Бо калі Купалу ў засценках НКВД прымушаюць пакаяцца (іначай будуць расстраляны 108 пісьменнікаў), я ўспамінаю пакаянныя тэлезвароты сучасных вязняў КДБ.

Бо калі Купала ў фільме гаворыць, што «ўладзе патрэбны не беларускі народ, а паслухмянае быдла», што «ўся краіна паралізаваная страхам, а чалавек не жывёла, і ён не можа штодня жыць у страху», то паралель у маёй свядомасці ўзнікае адна — Беларусь сучасная, дзе карнае ведамства грамадзяніна Караева па запалохванні і жорсткасці нават пераўзышло сваіх папярэднікаў з НКВД.Уладзімір Янкоўскі сваім фільмам «Купала» трапіў, што называецца, у дзясятку, у напяты нерв паўсталага народа. Фільмам не публіцыстычным, а высокамастацкім, што і гарантуе яму (надоўга!) месца ў шэрагу айчыннай кінакласікі.

Але, хачу гэта яшчэ раз падкрэсліць, «Купалу» ні дзяржаўны кінапракат, ні БТ пры гэтай уладзе не пакажуць. Я баюся, каб фільм праз пэўны час увогуле не прапаў бясследна на «Беларусьфільме». Тут людзі знікаюць, што там нейкі фільм…

Таму прашу шаноўнага рэжысёра — не судзіце строга тых, хто выклаў «Купалу» ў інтэрнэт. Так, яны парушылі аўтарскае права, але ваш фільм трэба глядзець тут і цяпер, хай сабе і ў неадшліфаваным выглядзе (дарэчы, недаробак там зусім мала). Як кажуць у народзе, лепей плотка ў руцэ, чым шчупак у рацэ. І не варта перажываць, што, паглядзеўшы пірацкую версію, пазней ніхто не пойдзе на «Купалу» ў кінатэатры.

Завяраю вас — пойдуць! Гледачы валам паваляць. І я ў тым ліку, перакупіўшы на падыходзе да кінатэатра квіток па двайной-трайной цане. Упэўнены — так будзе, бо кінафільм «Купала» павінен паглядзець кожны беларус.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?