Максім Знак і Дзмітрый Лаеўскі. Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Максім Знак і Дзмітрый Лаеўскі. Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Абаронца адваката і члена прэзідыума Каардынацыйнай рады Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі праз Следчы камітэт падаў скаргу ў суд на заключэнне пад варту. Пра гэта Лаеўскі распавёў TUT.BY.

— Выстаўленыя Максіму Знаку падазрэнні абарона катэгарычна адхіляе, бо ніводнае з выказванняў Максіма ніколі не парушала закон, не з'яўлялася заклікам і не было накіравана супраць нацыянальнай бяспекі. Наадварот, Максім у сваіх выступах падкрэсліваў важнасць прававых працэдур і казаў пра неабходнасць вяршэнства права. Мы цяпер рыхтуем хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу і ў найбліжэйшы час зможам даць больш шырокі каментар, — сказаў Лаеўскі.

Абаронца лічыць, што Максім Знак падвергся крымінальнаму пераследу і змяшчэнню пад варту ў сувязі з прафесійнай адвакацкай дзейнасцю і выказваннем думкі пры гэтым.

— Усё гэта беспрэцэдэнтна і ўжо пачынае выклікаць вялікі міжнародны рэзананс не толькі ў прафесійнай супольнасці, але і значна шырэй. Рэпутацыйныя і эканамічныя страты для краіны ў сувязі з арыштам і крымінальным пераследам адваката каласальныя, і наўрад ці гэта было ўлічана праваахоўнымі органамі, але яшчэ не позна, — кажа адвакат.

З вечара серады Максім Знак утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1 Мінска. Скаргаў, па словах адваката, на ўмовы ўтрымання няма.

— Максім трымаецца вельмі годна і ў добрым настроі. Характар моцны, ён справіцца. Мы, безумоўна, нядрэнна ўяўляем стан прававой рэчаіснасці, але пры гэтым абсалютна настроены на перамогу, — кажа Лаеўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0