Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

Былы вядучы і кіраўнік прэзідэнцкага пула журналістаў на канале АНТ Дзмітрый Семчанка правёў ноч у турме на Акрэсціна. Журналіста затрымалі 10 верасня. Пра гэта Свабодзе расказала яго жонка Юлія, піша Радыё Свабода.

«Я толькі што была ў Фрунзенскім РУУС, з трэцяй спробы мне ўдалося даведацца канкрэтную інфармацыю. Ноч ён правёў у ІЧУ на вуліцы Акрэсціна. Мне сказалі, што ў РУУС яго не будуць прывозіць, суд будзе дыстанцыйны, праз Skype. Калі ён пачнецца, мне не сказалі».

А 14-й Юлія павязе Дзмітрыю перадачу на Акрэсціна.

У чым вінавацяць Дзмітрыя Семчанку?

«Учора, калі яго затрымлівалі, сказалі, што трэба высветліць, ці браў ён удзел у несанкцыянаванай акцыі».

Дзмітрыя Семчанку затрымалі ва ўласнай кватэры. Каля 17 гадзін пазванілі ў дзверы трое чалавек у цывільным, адзін быў без маскі, ён паказаў сваё пасведчанне. Юлія гаворыць, што супрацоўнікі паводзілі сябе тактоўна і ветліва. Дзіця, якому чатыры з паловай гады, не напалохалася.

«Супрацоўнік, які прадставіўся, сказаў, што Дзмітрыя трэба даставіць у Фрунзенскі РУУС, каб высветліць, ці браў ён удзел у масавых мерапрыемствах. Дзмітрый сказаў, што не ўдзельнічаў. Супрацоўнік адказаў, што ён гэтага не будзе высвятляць і што ён цэлы дзень да ночы займаецца толькі дастаўкай людзей у пастарунак, — кажа Юлія. — Мы не надта здзівіліся, калі ўбачылі гэтых людзей дома, мы маральна былі гатовыя, ведаючы, што адбываецца ў краіне».

Месяц таму Дзмітрый звольніўся з АНТ і пакуль з'яўляецца беспрацоўным.

Юлія кажа, што вельмі кепска ставіцца да таго, што адбываецца ў краіне.

«Як мы зразумелі, закон ужо ў нас не працуе. Усё, што адбываецца, гэта абсалютная сваволя. І гэта, відаць, зачэпка, каб неяк адпомсціць мужу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?