Мужчыну, які ў першы дзень пратэстаў у Менску заскочыў на міліцэйскі аўтазак і ўпаў адтуль на поўнай хуткасьці, пасьля выпіскі зь лякарні затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА №1, паведамляе «Радыё Свабода». 

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

30-гадовы Ягор Сугойдзь трапіў на шматлікія фота і відэа ўвечары 9 жніўня. Тады дзясяткі тысяч чалавек пратэставалі ў цэнтры сталіцы супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня, сілавікі ўпершыню ўжылі спэцсродкі — сьвятлашумавыя гранаты, гумавыя кулі, сьлезацечны газ, вадамёты. Гэта ня лічачы жорсткіх затрыманьняў і зьдзекаў.

«З лякарні адпусьцілі дадому на бальнічны, а міліцыя адвезла як злачынцу ў СІЗА»

У нейкі момант група дэманстрантаў паспрабавала блякаваць аўтазак, які ехаў «загружацца» да стэлы «Менск — горад-герой». Але кіроўца спэцтранспарту, набіраючы хуткасьць, паехаў проста ў натоўп. Адзін з пратэстоўцаў заскочыў на бампэр і так нейкі час рухаўся разам з машынай. А потым упаў — здавалася, пад колы. Пасьля хадзілі чуткі, што мужчына загінуў.

Толькі днямі прадстаўніца МУС Беларусі Вольга Чамаданава ў допісе на сваім тэлеграм-канале давяла «канапавым экспэртам», што 30-гадовы мянчук жывы і здаровы, у лякарню быў дастаўлены ў «п’яным выглядзе».

Ягор Сугойдзь — пляменьнік вядомага майстра вырабаў з керамікі, дрэва, гліны, скуры, аднаго з заснавальнікаў этна-крамы «Рагна» Вадзіма Сугойдзя.

«Свабода» папрасіла яго падзяліцца апошнімі навінамі зь сям’і. Выявілася, што днямі сваяка арыштавалі супрацоўнікі МУС і ГУБАЗіК і цяпер ён адзін зь фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках.

«Ягор і сястра расьлі бяз бацькі — мой брат-разгільдзяй іх даўно кінуў, — прызнаецца Вадзім Сугойдзь. — Ягоная маці далёкая ад усяго гэтага руху, ня ведае нават, што ў такой сытуацыі рабіць. Калі ён яшчэ ляжаў у лякарні, наняла за грошы нейкага адваката, ад праваабаронцаў адмахваецца, «каб сыну горш не было». Але ж трэба, каб быў уцямны юрыст, які разьбірацца ў такіх нюансах».

Паводле суразмоўцы, спачатку Ягор знаходзіўся ў аддзяленьні нэўрахірургіі 5-й клінічнай лякарні, бо паступіў зь цяжкай траўмай галавы, а затым яго перавялі ў шпіталь хуткай дапамогі.

«У галаве дзьве гематомы, фактычна гэта пухліны, якія неабходна тэрмінова выдаляць, — працягвае Вадзім Сугойдзь. — Лекары так і сказалі: трэба рабіць апэрацыю. Паставілі ў чаргу, аформілі бальнічны і на нейкі час адпусьцілі дахаты. Але ў панядзелак прыйшла міліцыя: учынілі ператрус, забралі цьвёрды дыск з кампутара. Ну і яго самога, натуральна, пацягнулі. Цяпер вось сядзіць на Валадарскага. Пры тым, што чалавек хворы, пухліны пагражаюць мозгу!»

«Парваная бубенная балона вуха, пашкоджана шыйная хрыбетка і зламаныя 6 рэбраў»

Спадар Сугойдзь дапускае, што пляменьнік ня быў узорам для перайманьня — таксама і выпіваў, і пападаўся міліцыянтам. Але тое, што прыпісваюць цяпер яму праваахоўнікі — маўляў, беспрабудны п’яніца, наркаман і сталы наведнік бардэляў — гэта перабор.

«Як ён сам расказваў, з сябрамі ўдзень, яшчэ задоўга перад мітынгам, выпілі па літры піва. Але калі пасьля здарэньня яго забралі ў лякарню, то там узялі на аналізы кроў і адразу ж выпісалі бальнічны з аплатай. Каб быў п’яны, нават і гаворкі пра тое не было б. Таму думаю, што міліцыя на яго націснула, каб усё падпісаў — і што п’яны, і што сам ува ўсім вінаваты. Робяць усё, каб заадно навешаць усіх магчымых сабак: вёў на барыкады ў п’яным выглядзе», — кажа ягоны дзядзька.

Паводле спадара Вадзіма, іншых сяброў пляменьніка ў той вечар затрымалі і адвезьлі ў Жодзіна. Таксама правяралі на алькаголь, вынік быў гэткі ж — адмоўны. А гэта значыць, піўная доза была мінімальнай і хутка выветрылася.

На відэакадрах бачна, што падзеньне мужчыны з аўтазаку было надзвычай жорсткае. Нават здавалася, што машына пераехала нагу. Што насамрэч?

«У яго моцнае страсеньне мозгу, парваная бубенная балона — правым вухам ня чуе. Таксама пашкоджана шыйная хрыбетка, якая трымае чэрап. І зламана шэсьць рэбраў. Што тычыцца нагі, не скардзіўся. Я да яго прыяжджаў, дык ён прынамсі хадзіў нармальна, не кульгаў. Што адразу кідаецца ў вочы, дык гэта проста неймаверна вялікія гузакі на лобе. Відаць, падаў галавой і грудзьмі, раз рэбры павыломваныя», — расказвае Вадзім Сугойдзь.

Ён кажа, што бачыў паведамленьне прадстаўніцы МУС, у якім яна спрабавала скласьці партрэт «тыповага пратэстоўца» — вечна п’яны, неаднойчы прыцягвалі да адказнасьці, не ўладкаваны ў жыцьці.

«Не магу ўявіць, чым так на яго націснулі, што ён прызнаўся, нібыта быў п’яны, але гэта няпраўда. Плюс вінаваціла, маўляў, да гэтага ўзросту не завёў сям’ю, значыць, няварты прадстаўнік грамадзтва. Паслухайце, некаторыя да 30 гадоў пяць жонак мяняюць, дык яны, вынікае, малайцы?» — падсумоўвае Вадзім Сугойдзь.

Ягор Сугойдзь працуе аўтасьлесарам. У маладосьці сымпатызаваў «Маладому фронту», быў неабыякавым да таго, што адбываецца ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?