Калі першых пратэстоўцаў суд толькі папярэджваў, то з 9 верасня стаў прызначаць штрафы, піша Intex-Press.

Работнікі авіязавода, якім было прызначана слуханне 24 жніўня. Дар'я Вашчанка, Ігар Фёдараў, Яўген Прышчэпаў, Мікіта Арцюк (злева направа)

Работнікаў ААТ «558 АРЗ» з канца жніўня судзяць за акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, якія яны праводзілі на працягу некалькіх дзён пасля выбараў прэзідэнта. Тады работнікі прадпрыемства выстройваліся ў ланцугі салідарнасці і рабілі зарадку ў абедзенны перапынак каля прахадной завода. У выніку гэтага ў дачыненні да 22 работнікаў склалі пратаколы за адміністрацыйнае правапарушэнне. Пазней пратэстоўцаў пачалі выклікаць у суд.

Першы працэс адбыўся 26 жніўня над работніцай Святланай Левай. У гэты дзень суддзя Мікалай Кміта прызнаў Святлану вінаватай у парушэнні пункта 23.34 КаАП і прызначыў пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на двое сутак. Жанчына падала апеляцыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд, таму што ў яе на ўтрыманні знаходзіцца непаўналетняе дзіця.

Усім наступным «парушальнікам», справы якіх разглядаліся да 9 верасня, суд альбо выносіў папярэджанні, альбо пераносіў судовыя пасяджэнні. Потым людзей суддзі пачалі штрафаваць.

Усяго з 26 жніўня і па 11 верасня асудзілі 16 работнікаў авіязавода. З іх восем чалавек атрымалі папярэджанні, распавёў Intex-press Ігар Фёдараў, работнік авіязавода. Аднаму работніку суд прызначыў штраф на суму 54 рублі (2 базавыя велічыні), іншаму — 81 рубель (3 БВ). Яшчэ адзін работнік па рашэнні суда быў аштрафаваны на 216 рублёў (8 БВ), а яшчэ трое «атрымалі» па 270 рублёў (10 БВ).

11 верасня адбыўся чарговы суд, на якім Ігару Фёдараву, інжынеру-механіку авіязавода, прызначылі штраф у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў). Ігар кажа, што прасіў у суддзі замяніць выплату штрафу на адміністрацыйны арышт, паколькі не хацеў «папаўняць штрафам казну дзяржавы». Але суддзя Мікалай Кміта жаданне Ігара памяняць штраф «на суткі» не задаволіў.

Судовага пасяджэння чакаюць яшчэ пяць работнікаў авіязавода.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру