Праз месяц пасля пачатку пратэстаў «Беларусьбанк» абмежаваў выдачу крэдытаў насельніцтву. А ўлады Беларусі не змаглі дамовіцца з Міжнародным валютным фондам аб выдзяленні фінансавай падтрымкі ў памеры $940 млн у сувязі з наступствамі пандэміі.

За мінулы месяц бізнэс (у тым ліку створаны беларусамі за мяжой) здолеў арганізаваць некалькі буйных праектаў падтрымкі пратэстоўцаў і пацярпелых. У той жа час цэлыя кампаніі, у тым ліку з перспектыўнага IT-сектара, заяўляюць аб пераездзе з Беларусі ва ўмовах палітычнага крызісу, які зацягнуўся.

«Настоящее Время» спытала ў буйнога полацкага прадпрымальніка Уладзіміра Захарава, як бізнэсоўцы бачаць бліжэйшыя і аддаленыя эканамічныя перспектывы.

— Тое, што адбываецца цяпер унутры краіны я, як чалавек, які ўжо мае 30 гадоў вопыту ўнутранага ўдзелу і назірання за тым, што адбываецца, — я такога не бачыў увогуле за ўсе 30 гадоў маёй працы.

Каб было зразумела. Грошы таксама з'яўляюцца таварам. Дык вось яшчэ нядаўна мы ўсе ведалі, што стаўка рэфінансавання Нацбанка — гэта і ёсць той індыкатар, за які купляюцца грошы. Гэта тое, што ў бытавым сэнсе мы прывыклі называць крэдытамі або іншымі ўзаемаадносінамі паміж дзяржавай і людзьмі. Цяпер гэтая стаўка дэкларуецца як меншая за 8%. Некалькі банкаў абвясцілі пра тое, што яны гатовыя купляць грошы за 24% — у тры разы даражэй.

Вы можаце сабе ўявіць, што адбываецца ўнутры краіны, у якой адзін і той жа тавар, дэклараваны дзяржавай, каштуе ікс рублёў, а ўсе гатовыя яго купляць за тры ікса — у тры разы даражэй? Я такога не бачыў за ўсю 30-гадовую гісторыю Беларусі.

У нас у сферы банкаўскага сектара, у сферы грашовых адносін людзі за паўтара месяца вынеслі два мільярды долараў з банка. Я ўпершыню сутыкаюся з сітуацыяй, у якой банк у мяне просіць з пятніцы па панядзелак не праводзіць плацежкі, калі банк не ведае, дзе ўзяць грошы. Ці ён іх можа ўзяць, але ў тры разы даражэй, чым гэта было яшчэ нядаўна на рынку. Уявіце дзесяцімільённую краіну, у якой наогул няма крэдытаў — вось гэта цяпер Беларусь.

— Што гэта значыць у перспектыве?

— Уявіце краіну, у якой цяпер людзі ў надзеі на тое, што яны будуць крэдытаваць жыллё, што ў іх будзе будавацца кватэра для сям'і, а ім кажуць: «Не, гэтага не будзе». Уявіце краіну, у якой наогул нельга цяпер узяць ні капейкі ў доўг афіцыйна ні ў адным з банкаў. І гэта зрабілі людзі, плюс да гэтага, яны проста забралі рэальныя грошы з банкаўскай структуры. Яшчэ раз нагадваю: два мільярды за паўтара месяца. Гэты інструментарый не тое каб дзейнічае, ён прыводзіць у шок усё, што адбываецца ў краіне.

Па забастоўках у вас няслушная інфармацыя. Так, з прычыны таго, што ідуць масавыя затрыманні, масавыя арышты і прад'яўляецца пэўная адказнасць тым людзям, якія рызыкнулі стаць стачкамамі і гэтак далей, у прадпрыемствах рэспубліканскага ўзроўню забастоўкі шмат у чым прынялі італьянскі характар. Людзі прыходзяць на працу, але яны рэальна не працуюць. Яны заяўляюць прэтэнзіі па тэхніцы бяспекі, там, дзе яны рабілі 10 адзінак прадукцыі, яны пачалі рабіць дзве. Гэта факт, гэта не аспрэчваецца. Гэта не тое што нейкі сакрэт, але менавіта гэта і адбываецца. У гэтых умовах, калі раней краіна мела 100 адзінак прадукцыі, а цяпер мае толькі 20, уяўляеце, што будзе?

І самае галоўнае. Людзі, якія не звязаныя ні з эканомікай, ні з падаткаабкладаннем, не разумеюць, што пікам вар'яцтва вось гэтага недабору грошай для таго, каб фінансаваць праекты, звязаныя з дзіцячымі садкамі, прыборкамі, аплатай энергетыкі і ўсяго астатняга, з'яўляецца пік падатковых перыядаў, паступлення грошай у бюджэт. Для Беларусі гэта 22 кастрычніка і, самае галоўнае, 22 студзеня — па выніках года.

У гэты час будзе… Я нават не ведаю, якое слова назваць, гэта вышэй майго разумення, што чакае Беларусь 22 студзеня. У момант, калі ўсе чакаюць аплаты гадавых падаткаў, а іх не будзе, іх проста не будзе. У нас няма ПДВ на ўвозе, у нас цалкам паралізаваны экспарт і імпарт, у нас няма выпрацоўкі рэальнай прадукцыі. Мы маем у лепшым выпадку намаляваныя грошы, якія ў канчатковым выніку ператворацца ў паперкі.

— Ці значыць гэта, што людзі насамрэч ужо дамагліся таго, што іх пачуюць, і проста гэта некалькі адкладзеная гісторыя?

— Яшчэ адзін момант на макраўзроўні, пра які вы не кажаце. Дамагліся гэтага тыя людзі, якія выйшлі з пратэстамі? Вазьміце статыстыку — яна ў адкрытым доступе. За апошні месяц продаж нашых дзяржаўных аблігацый як унутранай, так і знешняй [пазыкі] — узаемаадносін з тымі, хто гатовы нам даць грошы, — зэро. Нуль. Гэта наогул калапс.

Мы заўсёды ў звычайным рэжыме хаця б на нейкіх умовах, на падвышаных ці не павышаных працэнтах на сотні мільёнаў даляраў прадавалі нашага простага дзяржаўнага доўгу. Што мы прадавалі? Мы прадавалі давер. Гэтага даверу да дзяржавы і ўнутры краіны, і за яе межамі ў апошні месяц няма. А значыць, фінансавання як знешніх, так і ўнутраных патрэб дзяржавы на бліжэйшыя месяцы не будзе.

І тут пытанне: як павядзе сябе Расія? Таму што 300 з чымсьці мільёнаў запазычанасці па газе — гэта асобная праблема самой Расіі. А калі Расія палічыць магчымым і патрэбным прафінансаваць нейкія іншыя мерапрыемствы персанальна для захавання гэтай, скажам так, дзяржавы, тады мы ўбачым, што Расія на самай справе выбірае персаналію, а не дзяржаву. Гэта трошкі не тое каб засмучае, гэта яшчэ больш прымушае людзей рабіць іншыя высновы, якія расійскаму кіраўніцтву не спадабаюцца.

— Тое, што вы цяпер кажаце, — гэта крамола ці здаровы аналіз?

— Гэта не крамола, гэта факт. Калі людзям далі зразумець, што з іх меркаваннем не будуць лічыцца, яны проста ўключаюць дзеянні ў адказ роўна ў тых межах, у якіх дазваляе існае заканадаўства, каб, будучы пратэстнымі, не стаць парушальнікамі гэтага заканадаўства. Гэтыя дзеянні для іх з'яўляюцца адзіна магчымымі ў рамках дзеючага заканадаўства, што яны і робяць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру