Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонію Гутэрыш заклікаў улады Беларусі спыніць ужываньне сілы супраць мірных дэманстрантаў, расьсьледаваць зьвесткі аб катаваньнях затрыманых і пачаць шырокі дыялёг, піша Свабода.

Фота Надзеі Бужан

У заяве, зь якой 11 верасьня ад імя кіраўніка ААН выступіў яго прэс-сакратар, гаворыцца, што сытуацыя ў Беларусі выклікае ў генэральнага сакратара глыбокую трывогу. Гутэрыша асабліва турбуюць няспынныя сілавыя дзеяньні супраць мірных пратэстоўцаў і затрыманьні людзей, якія ажыцьцяўляюць свае законныя дэмакратычныя правы. Ён таксама занепакоены паведамленьнямі аб выкарыстаньні тактыкі запалохваньня супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, СМІ і апазыцыі.

«Генэральны сакратар ААН заклікае ўлады ўстрымацца ад ужываньня сілы супраць тых, хто ўдзельнічае ў мірных сходах, і дамагчыся таго, каб абвінавачаньні ў катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з затрыманымі былі цалкам расьсьледаваныя», — заявіў прэс-сакратар Гутэрыша.

Кіраўнік ААН падкрэсьліў, што «цяперашні крызіс могуць пераадолець толькі самыя беларусы шляхам шырокага, інклюзіўнага дыялёгу». Ён перакананы, што ў інтарэсах стабільнасьці гэты дыялёг трэба пачаць неадкладна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру