Пажарны Ілля Маржэўскі з пажарнай часці нумар 26 Мінска звярнуўся да беларусаў. Ён выказаў салідарнасць з супрацоўнікамі МНС, звольненымі па палітычных матывах, і з затрыманымі ратавальнікамі Асвода. «Я і многія мае калегі не згодныя з гэтым», — кажа ён.

«На жаль, кіраўніцтва Міністэрства па надзвычайных сітуацыях бярэ актыўны ўдзел у спробах падзяліць наша грамадства — падзяліць па колеры сцяга, палітычных перакананнях, ідэалогіі», — сказаў ён.

Сваю заяву ён зачытаў з нацыянальным і дзяржаўным сцягамі на плячах.

«Мы сталі сведкамі таго, як невядомыя людзі ў масках захапілі пажарныя аўтамабілі і выкарыстоўваюць іх у мэтах, не звязаных з ратаваннем людзей», — кажа ён пра выкарыстанне машын МНС для здымання нацыянальных сцягоў.

«Хто стане адкрываць дзверы пажарным, калі замест іх могуць прыбыць людзі ў масках? Ці будуць саступаць дарогу пажарным аўтамабілям, калі яны могуць ехаць не на дапамогу людзям?» — пытаецца пажарны на відэа.

«Ад сябе асабіста хачу прынесці прабачэнні ўсім грамадзянам, якіх зняважылі гэтыя дзеянні, — кажа Ілля Маржэўскі. — Калі ласка, не губляйце даверу да пажарных. Наша пакліканне — гэта давер людзей, незалежна ад палітычных поглядаў», — сказаў Маржэўскі.

Раней інтэрнэт абышлі кадры, як ратавальнікі МНС на вышцы не знялі нацыянальны сцяг у Малінаўцы ў Мінску, а расправілі яго і пакінулі. Пазней гэты сцяг знялі з вышкі асобы ў масках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0