Фота Надзеі Бужан
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Пуціным заявіў, што «з усмешкай» сочыць за тым, што адбываецца ў краіне. Ён таксама падзякаваў Пуціну і іншым, хто «мае дачыненне», за падтрымку. Заяву трансляваў канал Russia Today, піша Tut.by.
— У нас у суботу марш жанчын і дзяўчат, у нядзелю — агульны марш. У суботу і нядзелю. У звычайныя дні краіна жыве звычайным жыццём. Ды і ў суботу і нядзелю частка Мінска мы вызваляем, каб людзі маглі, калі ў іх ёсць жаданне, прайсціся па гэтай частцы. Але галоўнае, і я гэта ўвесь час кажу, не пераходзіць рысу.
Лукашэнка растлумачыў, што ёсць пэўныя «чырвоныя лініі», якія нельга пераходзіць, і пакуль іх ніхто не парушаў, але пакуль «гэтая бадзяга туды-сюды качаецца».
Ён паабяцаў Пуціну потым падрабязна расказаць аб тым, што адбываецца ў краіне, заявіўшы, што ўсё на самай справе не так, як падаюць СМІ.
Лукашэнка таксама падзякаваў асабіста Пуціну, а таксама ўсім тым расіянам, «хто быў датычны да таго, каб падтрымаць нас у поствыбарны час».
Паводле слоў Лукашэнкі, з таго неабходна атрымаць урокі. Ён таксама адзначыў, што апошнія падзеі паказалі, што Беларусі «трэба больш цесна трымацца са старэйшым братам і супрацоўнічаць па ўсіх пытаннях».
— Мы не ваявалі, мы не стралялі, мы не кідаліся нават палкамі ў Беларусі, два бакі, якія супрацьстаяць, але прадэманстравалі сваю рашучасць, што калі там, за межамі беларускіх межаў, камусьці хочацца пачасаць рукі, мы можам пачасаць у любы момант. І што, мне вельмі прыемна, я вам вельмі ўдзячны, вы прадэманстравалі гэта, што беларускія межы — гэта межы Саюзнай дзяржавы.
Паводле яго слоў, падзеі ў краіне — гэта вельмі сур'ёзны ўрок, які і Масква, і Мінск вытрымалі.
— Гэта нам урок — не толькі Беларусі і Расіі, але і нашым постсавецкім рэспублікам. Аб гэтым мы будзем яшчэ гаварыць на сустрэчы ЕАЭС, перш за ўсё, АДКБ, так і ў рамках СНД ёсць, аб чым пагаварыць, думаю, вам цікава будзе маё заяву ў гэтых структурах.





