Каранавірусная інфекцыя мае ўсе шанцы стаць сезоннай, як і іншыя вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі. У сувязі з гэтым вакцынацыя ад каранавіруса можа стаць такой жа рэгулярнай, як імунізацыя супраць грыпу, лічаць апытаныя ТАСС інфекцыяністы і вірусолагі.

«Меркаваны сезон каранавіруса ў цэлым будзе супадаць з сезонам грыпу, але ў розных краінах, кліматычных умовах магчымыя нюансы», — сказаў дырэктар расійскага Інстытута медыцынскай паразіталогіі, трапічных і трансмісіўных захворванняў ім. А. І. Марцынаўскага Аляксандр Лукашоў.

Ён звярнуў увагу, што вельмі важным пытаннем на сёння з'яўляецца тое, колькі будзе захоўвацца імунітэт пасля вакцынацыі. «Мы не столькі асцерагаемся, што вірус муціруе і сыдзе ад дзеяння вакцын, якія распрацоўваюць, колькі мы не ўпэўненыя ў тым, наколькі напружаным будзе імунітэт — колькі ён будзе захоўвацца, і наколькі гэты імунітэт будзе перашкаджаць цыркуляцыі віруса», — падзяліўся эксперт. Лукашоў таксама лічыць, што рабіць высновы аб тым, ці дапаможа імунізацыя насельніцтва цалкам спыніць цыркуляцыю віруса, не атрымаецца яшчэ найбліжэйшыя паўтара года.

Загадчыца кафедры вірусалогіі Расійскай медыцынскай акадэміі бесперапыннай прафесійнай адукацыі Алена Маліннікава таксама пагадзілася з тым, што для каранавіруснай інфекцыі як для інфекцыі, якая перадаецца паветрана-кропельным шляхам, характэрная сезоннасць. «Колькі гэты вірус будзе цыркуляваць, сказаць складана, гэта можа быць і паўтара года, і 10 гадоў. Але пакуль ён паводзіць сябе так, як і іншыя рэспіраторныя вірусы», — распавяла яна ТАСС.

«Неабходна дажыць, калі вакцына будзе актыўна выкарыстоўвацца. Будуць бачныя яе плюсы і мінусы, можна будзе казаць, ці трэба прышчапляцца кожны год», — заўважыла Маліннікава.

«Калі вакцына будзе працаваць добра, то з наступнага сезона, з лета, можна будзе вакцынавацца ад каранавіруснай інфекцыі», — лічыць вакцынолаг Яўген Цімакоў. Ён адзначыў, што спатрэбіцца некалькі гадоў для збору статыстычных звестак, каб вызначыць працягласць сезона каранавіруснай інфекцыі.

Параўноўваючы каранавірус і грып, Цімакоў дадаў, што мутацыя першага вельмі рэдкая, і кожны год мяняць вакцыну, магчыма, не спатрэбіцца. «У каранавіруса і грыпу розныя механізмы змяняльнасці. Той бялок каранавіруса, які знаходзіцца ў вакцыне, не муціруе», — растлумачыў ён.

Маліннікава нагадала, што ў сувязі з надыходам эпідэміялагічнага сезона грыпу і ВРВІ, асабліва ва ўмовах пандэміі каранавіруса, варта зрабіць прышчэпку ад грыпу, каб пазбегнуць наступстваў ад накладання некалькіх інфекцый.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру