Святлана Ціханоўская пракаментавала ціск на Мікалая Казеку, якога пазбавілі імянной стыпендыі, і ўсіх спартсменаў Беларусі.
«Мікалай Казека — нязменны галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па фрыстайле з 1993 года. Ён выхаваў некалькіх алімпійскіх чэмпіёнаў. Ён у прафесіі даўжэй, чым Лукашэнка ва ўладзе. Але сёння ў яго адабралі імянную прэзідэнцкую стыпендыю і запатрабавалі вярнуць грошы за цэлы год. Гэта прамы ціск на спартсменаў і асабіста на Мікалая Іванавіча за тое, што ён сказаў аб недапушчальнасці гвалту ў адносінах да мірных грамадзян.
Людзей звальняюць, пазбаўляюць званняў і сродкаў да існавання, якія яны зарабілі сумленнай і цяжкай працай, — у адрозненне ад так званай «улады».
Цяпер шматлікіх спартсменаў абавязваюць выплачваць грошы за навучанне. Я асабіста даю гарантыю, што правяду эканамічную амністыю ўсім спартсменам, якіх шантажуюць такім нізкім спосабам. Нервовая агонія рэжыму прымушае яго прымаць падобныя рашэнні. Але нашу салідарнасць ужо не зламаць!»