19 верасня на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова пакончыў з сабой рабочы. Зборшчыка Станіслава Чура знайшлі павешаным падчас абедзеннага перапынку, піша Еўрарадыё.

Прычыны, якія штурхнулі мужчыну на самагубства, пакуль дакладна невядомыя. Калегі Станіслава мяркуюць, што на яго аказваўся ціск з-за яго палітычнай пазіцыі.

— Ён хадзіў увесь час на ўсе мітынгі і забастоўкі. Людзей, якія 16-га хадзілі на забастоўку ў сквер унутры завода, пачалі прэсаваць, аж да звальнення, — распавядае Еўрарадыё адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства. — Кажуць, што ён палаяўся з начальствам, потым здаў інструменты і хадзіў шукаў месца, дзе пакончыць з сабой.

Яшчэ адзін работнік, які з’яўляецца сябрам Свабоднага прафсаюза металістаў, адказвае, што прычынай суіцыду магла стаць сямейная драма.

— Для нас гэта трагедыя, вядома. Каб чалавек без нічога ніякага, тым больш такі баец. Як казаў майстар, ён быў адзін з тых у брыгадзе, які «за Радзіму».

Пахаванне Станіслава адбудзецца ў Вілейцы. Перад гэтым зладзіцца служба ў Касцёле Узвіжання Святога Крыжа.

У Чура засталіся жонка і непаўналетні сын.

Мінскі электратэхнічны завод стаў адным з першых прадпрыемстваў, работнікі якога адкрыта выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю. 11 жніўня 50 рабочых падпісалі агульны зварот, адрасаваны Адміністрацыі прэзідэнта. Супрацоўнікі завода патрабавалі спынення гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў, вызвалення затрыманых і вяртання паўнавартаснага інтэрнэту. У той жа дзень каля прахадной завода адбыўся хапун, як мінімум двух чалавек затрымалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0