Бел-чырвона-белы карпаратыў Rozum Robotics ледзь не завяршыўся на Акрэсціна. Пра гэта напісаў у сябе ў Facebook CEO кампаніі Віктар Хамянок. Партал dev.by даведаўся ў яго падрабязнасці.

Віктар распавядае, што карпаратыў прымеркаваны да дня нараджэння кампаніі. Дзень быў «знакавы для ўсіх беларусаў», удакладняе суразмоўца dev.by — «менавіта 19 верасня 29 гадоў таму быў прыняты наш сцяг і герб, а краіна стала называцца Рэспубліка Беларусь». Каманда вырашыла сумясціць святы.

— Мы прыдумалі лагатып на майкі — вельмі просты і вельмі лагічны: дзве паласы — вядомы кожнаму з першага класа школы знак роўнасці. Крыху пазней да яго прыклаўся слоган: «Свабода! Роўнасць! Братэрства!» — напісаў Віктар.

На карпаратыве ў R-park пад Заслаўем усе супрацоўнікі былі менавіта ў гэтых майках.

— І вось мы прыехалі — усе разбрыліся: хтосьці лазіў па вяроўках, хтосьці пайшоў гуляць у страйкбол, а хтосьці застаўся гатаваць ежу. А ў суседняй альтанцы адпачывалі настаўнікі, адзначалі дзень ведаў. І тут адна з іх падышла да нас і сказала: «У мяне муж амапавец, прыбярыце ўсё гэта бязладдзе — гэтыя сцягі!» Мы ў адказ патлумачылі ёй, які ў суботу быў дзень — і для нас, і для краіны. На што яна сказала: «Дзень дурня сёння!» — развярнулася і пайшла.

Потым да нас падышлі іншыя настаўнікі. Сказалі: «Паслухайце, мы людзі адэкватныя, а яна — не, яна сабралася міліцыю выклікаць». Што рабіць: «Няхай выклікае!» Але потым усё ж мы адправілі дэлегацыю — пагаварыць з ёй. Нашы хлопцы сказалі: «Навошта нам сварыцца: мы адзін народ». А яна задзяўбла, што мы дурні, і ёй непрыемна глядзець, як мы «святкуем сваю перамогу».

Віктар кажа, што падключылася нават адміністрацыя ўстановы. Яны падышлі да каманды Rozum Robotics і папрасілі іх не здымаць майкі «пад націскам суседняй альтанкі, хоць яны і актыўна пратэстуюць супраць вас». «Мы за вас», — сказалі.

— Праз нейкі час прыехала 4 чалавекі — двое з іх у цывільным, мяркуючы па ўсім, з Заслаўя. Падышлі да нас. Мы распавялі ім, што мы айцішнікі, адпачываем — ні з кім не сварымся. Мы ўжо пасябравалі з гэтымі настаўнікамі за гэты час — яны казалі міліцыянерам: «Наша калега неадэкватная» і «Калі вы іх забярэце, мы з імі паедзем».

Капітан, які быў за галоўнага, зусім разгубіўся: «Дык што мне рабіць? У аддзяленні пытаюцца, дасылаць атрад АМАПа ці не?» Я адказаў: «Дасылайце! Будзе афігенная гісторыя, калі цэлую айцішную кампанію з карпаратыва заграбуць за майкі». Тады яны развярнуліся і пайшлі.

Віктар кажа, што карпаратыў Rozum Robotics прадоўжыўся ў вялікай кампаніі — айцішнікі і настаўнікі. «Жонка амапаўца», якая выклікала міліцыю, святкавала у сваёй альтанцы з невялікай групай калег.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0