Увечары 23 верасня ў цэнтры Гродна чалавек, уцякаючы ад міліцыі, скокнуў у Нёман. Калі ён пераплыў раку, яго затрымалі. Пра гэта распавёў Hrodna.life чытач Мікалай, які стаў сведкам падзеі.

«Мы з сябрам сядзелі на задняй частцы драмтэатра. Я звярнуў увагу, што ўнізе стаялі людзі ў форме. Праз некаторы час на тэрыторыю тэатра пад'ехаў бус і забраў некалькі амапаўцаў, але пры гэтым некалькі яшчэ заставаліся. Пасля гэтага я звярнуў увагу на сілуэт у Нёмане. Спачатку мы з сябрам падумалі, што чалавек тоне. Як потым аказалася, ён проста дрэнна плаваў».

Мікалай адзначае, што чалавек каля 10 хвілін спрабаваў пераплысці Нёман, а калі даплыў да берага, яго затрымала міліцыя.

«Пад'ехаў бус і побач з бусам бегла яшчэ 5-6 амапаўцаў. І паколькі хлопец быў ужо знясілены з-за халоднай вады і плыні, ён не змог ад іх уцячы», — дадаў Мікалай.

Чытачы Hrodna.life пазналі ў ім акцёра Тэатра лялек і музыкі Аляксандра Рацько.

Гэта ўжо другі выпадак у верасні, калі гродзенец уцякае ад міліцыі ў рацэ. 13 верасня Віктар Касцюк выйшаў у цэнтр Гродна ў майцы з нацыянальнай сімволікай і са сцягам. Яго паспрабавалі затрымаць супрацоўнікі міліцыі. Ён вымушаны быў уцякаць і, каб выратавацца ад пераследу, пераплыў Нёман. Выбрацца з ракі Віктару дапамаглі выпадковыя мінакі. Яго не затрымалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?